Абаронцу Курапатаў Дзяніса Урбановіча збіла машына
Актывіста абароны Курапатаў Дзяніса Урбановіча збіла машына. Як паведамляе на сваёй старонцы ў Фэйсбуку яго паплечніца Ганна Шапуцька, здарэнне адбылося ўвечары 16 лютага ля рэстарана “Поедем, поедим”. За рулём аўтамабіля быў 60-гадовы Анатоль Лабанок, які падпрацоўвае музыкам у гэтай установе.
Сведкі здарэння сцвярджаюць, што Лабанок рухаўся на высокай хуткасці і мэтанакіравана ехаў на людзей, якія трымалі вахту ля рэстарана. Ён збіў Урбановіча, якога адкінула на некалькі метраў. Актывіст ударыўся галавой аб асфальт, таму давялося выклікаць хуткую.
Кіроўца з’ехаў зь месца ДТЗ. Пазней супрацоўнікі ДАІ забралі правы ў Лабанка. Высветлілася таксама, што машына аформленая на яго дачку, якая прасядзела ўвесь час у салоне, затуліўшы твар рукамі, пакуль ДАІ праводзіла следчы эксперымент.
Паводле словаў Ганны Шапуцькі, супрацоўнікі ДАІ і хуткай дапамогі спрацавалі прафэсійна, адрэагавалі вельмі хутка. У Дзяніса Урбановіча дыягнаставаныя моцныя ўдары.