Абраны і зняты старшыня фэдэрацыі фехтавання: Адразу пайшоў па кардыяграму

Абраны і зняты старшыня фэдэрацыі фехтавання: Адразу пайшоў па кардыяграму

Звычайна выбары старшыні ў спартовых федэрацыях праходзяць безальтэрнатыўна і ціха. Але ў беларускай федэрацыі фехтавання старшыню абіралі са сканадалам. Спачатку высунулі на гэтую пасаду Аляксея Аўсянкіна “рэкамендаванага зверху”. Усё б нічога, але з’явіўся іншы кандыдат, трэнер, былы выконваючы абавязкі старшыні федэрацыі Андрэй Губанаў, яго і абралі большасцю галасоў. Але на наступны дзень прызначылі новыя выбары і перавыбралі рэкамендаванага “зверху” Аўсянкіна.

Еўрарадыё размаўляе з абраным і знятым старшынёй фэдэрацыі фехтавання Андрэям Губанавым.

Еўрарадыё: Як вы думаеце, чаму людзі за вас галасавалі?

Андрэй Губанаў: Паўтара года ў нас не было старшыні, і я выконваў яго абавязкі. Нават не было ў нас свайго рахунка, не было бухгалтара, рэкламы. Мы спрабавалі без грошай развіваць і рэкламаваць фехтаванне. Я доўгі час быў галоўным трэнерам зборнай узброеных сілаў па фехтаванні. Былі спартовыя вынікі. Можа, таму мяне грамадскасць падтрымала.

Еўрарадыё: Як праходзілі перавыбары?

Андрэй Губанаў: У перавыбарах я нават не ўдзельнічаў. Адразу як прайшлі першыя выбары, на мяне пачаўся прэсінг. У многіх маіх калег ціск падняўся пасля гэтага. Уключыўся адміністратыўны рэсурс. Гэта ж не толькі ў нас перавыбары, але рэзананс толькі ў нашай федэрацыі. Многія сказалі, што сваё рашэнне мяняць не будуць. Маральна падкасіла гэтая сітуацыя. Я праз дзень пайшоў рабіць кардыяграму, хаця, здаецца, здаровы, спартовец.

Еўрарадыё: І якую пасаду вы цяпер займаеце ў федэрацыі?

Андрэй Губанаў: Здаецца, наогул ніякую. Я ж не быў на сходзе, не ведаю.

Еўрарадыё: Вельмі часта на пасаду старшыні федэрацыі абіраюць чыноўнікаў, чаму так?

Андрэй Губанаў: Была такая палітыка Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Каб чыноўнікі дапамагалі. Цяпер гэта крыху перагледзелі, каб чалавек быў аўтарытэтны ў федэрацыі, спартовец ці то трэнер. Таксама, каб існавала назіральная рада, можа, з бізнесоўцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі