Аб'ём венчурных інвестыцый у Беларусі ў 2020-м знізіўся на 21,8%
Аб'ём венчурных інвестыцый у Беларусі ў 2020-м знізіўся на 21,8% — да 36 мільёнаў долараў (у 2019-м — 45,6 млн долараў). Большасць інвестараў заключылі здзелак на 30-60% менш, чым у папярэднім годзе. Асноўныя прычыны — эканамічная рэцэсія, палітычны крызіс і каранавірус. Пра гэта сведчыць праведзенае даследаванне айчыннага рынку венчурнага фінансавання.
Эксперты прыйшлі да высновы, што зніжэнне зацікаўленасці інвестараў да беларускіх стартапаў выклікана ў значнай ступені палітычнымі падзеямі ў нашай краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў. Можна было б чакаць значна большага падзення рынку венчурных інвестыцый, аднак гэтага не адбылося дзякуючы ІТ-сектару. У 2019 годзе кампаніі айцішнікаў прыцягнулі 23% венчурных інвестыцый, а летась — 85%! А гэта дзясяткі мільёнаў долараў. Эксперты адзначаюць, што ІТ-сектар аказаўся больш устойлівы да пандэміі каранавіруса, мае значную колькасць кваліфікаваных кадраў, да таго ж у 2020-м вырас попыт на ІТ-паслугі.
І гэта пры тым, што ў другім паўгоддзі ІТ-сектар Беларусі перажываў не лепшыя часы — з палітычных прычын і меркаванняў бяспекі адбылася значная міграцыя айцішнікаў у суседнія краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.