Ад нядзелі ў Беларусі пачне цяплець
Пакуль што магутны арктычны антыцыклон прыцягвае ў Беларусь халодныя паветраныя масы, кажуць сіноптыкі
Пад яго напорам на тэрыторыі краіны адчувальна панізіўся тэмпературны фон. Сярэднясутачныя тэмпературы паветра ў апошнія дні былі пераважна ніжэй за кліматычную норму на 1-7 градусаў.
Па словах супрацоўнікаў Белгідраметэацэнтра, бліжэйшыя трое сутак тэрыторыя Беларусі працягне знаходзіцца пад уплывам арктычнага антыцыклону. Але яго цэнтр будзе перамяшчацца з поўначы на цэнтральныя раёны Расіі. На тэрыторыі Беларусі застанецца халоднае надвор'е без ападкаў.
У пятніцу, 24 кастрычніка, тэмпература паветра ўначы складзе -4...-10 градусаў, па ўсходзе слупок тэрмометра апусціцца да мінус 11-14 градусаў. Удзень тэмпература будзе вагацца ад -2 па паўночным усходзе да +4 градусаў па паўднёвым захадзе краіны, перадае БЕЛТА.
У суботу, 25 кастрычніка, ноччу паветра астыне да -3...-10 градусаў, па ўсходзе — да 12 градусаў марозу. Днём тэмпература паветра складзе ад -1 да +6 градусаў.
У нядзелю 26 кастрычніка, тэмпературны фон на тэрыторыі Беларусі пачне паступова павышацца. Уначы прагназуецца -2...-8 градусаў, толькі ва ўсходніх раёнах краіны яшчэ магчыма паніжэнне тэмператур да мінус 9-12 градусаў. Днём у многіх раёнах тэмпература паветра складзе +2...+9 градусаў.
Фота — sb.by