Ад школьных настаўнікаў патрабуюць паведамляць пра паездкі за мяжу

Школа, ілюстрацыйнае фота / oblgazeta.ru
Ад школьных настаўнікаў патрабуюць загадзя паведамляць пра свае паездкі за мяжу. Пра гэта піша "Наша Ніва" са спасылкай на сталічную настаўніцу.
Паводле яе, адміністрацыя школы днямі паведаміла ўсім супрацоўнікам, што пры кожнай замежнай паездцы неабходна падаваць тлумачальныя запіскі на імя дырэктара. "Падаваць інфармацыю пра намер выехаць за мяжу трэба загадзя. У запісцы патрабуюць указаць: калі, куды, з якой мэтай і на які час вы збіраецеся выехаць", — прыводзіць выданне словы сваёй крыніцы.
Падаваць запіску, каэа настаўніца, неабходна нават тады, калі паездка адбываецца падчас адпачынку або на выходных.
Раней такую практыку ўвялі ў БДУ: супрацоўнікі ўніверсітэта з 1 студзеня 2024 года абавязаныя паведамляць пра паездкі і кантакты за мяжой.
Перад тым, у лістападзе 2023-га, проста так выязджаць за мяжу забаранілі чыноўнікам. Для замежных паездак, не звязаных з працай, яны абавязаныя падаваць адпаведную заяву за дзесяць дзён да выезду. У дакуменце трэба назваць запланаваныя краіны паездкі, а таксама краіны транзіту, мэту паездкі, адрасы знаходжання і кантактныя звесткі заяўніка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.