Ад супергерояў да махляроў: фільмы і серыялы, якія выйдуць у лютым

"Прывітанне, заўтра!", "Чалавек-мурашка" і "Стук у хаціну" / калаж Еўрарадыё
"Прывітанне, заўтра!", "Чалавек-мурашка" і "Стук у хаціну" / калаж Еўрарадыё

Калі вы ўжо паспелі паглядзець і "Wednesday", і апошні сезон "Белага лотаса", то самы час захаваць у спіс навінкі, якія выйдуць у лютым. У кароткім аглядзе — фільмы і серыялы, якія з'явяцца ў наступным месяцы і напэўна будуць шырока абмяркоўвацца ва ўсім свеце.
 

"Стук у хаціну" / "Knock at the Cabin"

Новы фільм М. Найта Ш'ямалана "Стук у хаціну" выйдзе ў пракат у Еўропе і ЗША ў самым пачатку лютага. Зняты па матывах папулярнага рамана жахаў "Хаціна на краю свету" Пола Трэмблея, фільм балансуе паміж хорарам і навуковай фантастыкай.

У цэнтры сюжэта — Эндру і Эрык, а таксама іх прыёмная дачка, якія прыязджаюць адпачыць у лес, але раптам сустракаюцца з групай незнаёмцаў, якія сцвярджаюць: толькі яны могуць спыніць апакаліпсіс. У галоўных ролях — Дэйв Батыста, Джонатан Гроф і Руперт Грынт.

У кар'еры рэжысёра Ш'ямалана былі як фільмы, якія ўжо атрымалі культавы статус ("Шостае пачуццё" і "Спліт"), так і несумненныя правалы ("Уладар стыхій"). Да якой катэгорыі акажацца бліжэйшым "Стук у хаціну", даведаемся зусім хутка.

"Разчэй" / "Sharper"

Псіхалагічны трылер "Разчэй" выходзіць на Apple TV 17 лютага. У спісе акцёраў — Джуліяна Мур і Себасціян Стэн, а пастаноўшчыкам выступіў Бенджамін Карон. Рэжысёр не шырока вядомы, але ўжо мае пару прэстыжных узнагарод, а з апошняга — працаваў над серыялам "Андар".

У цэнтры сюжэта — спроба адпомсціць сваёй сям'і і афёры багацеяў. З такім сінопсісам нам абяцаюць дзве гадзіны напружання і псіхалагічнага развіцця персанажаў.

Дарэчы, прадзюсавала фільм Студыя А24 — тая самая, што стварыла "Севяраніна" і "Усё ўсюды і адразу".

"Чалавек-мурашка і Аса: Квантаманія" / "Ant-Man and the Wasp: Quantumania"

Новы блакбастар ад Marvel, які ў Беларусі на вялікіх экранах атрымаецца паглядзець толькі ў тым выпадку, калі кінатэатры працягнуць практыкаваць паказ пірацкіх копій, як тое было з "Чорнай пантэрай" і "Аватарам". Але нават калі не, многія напэўна знойдуць спосаб даведацца, якія новыя прыгоды чакаюць Чалавека-мурашку і Асу. Тым больш, што "Квантаманія" абяцае быць важнай часткай новай фазы фільмаў Marvel.

Як гэта і бывае з супергеройскім фільмамі, пераказваць нават сінопсіс па сутнасці бескарысна: зразумеюць толькі тыя, хто памятае ўсе папярэднія стужкі і ў курсе дробных дэталяў кінематаграфічнага сусвету. На шчасце, падчас прагляду гэта ўжо не неабходна: гледачам абяцаюць яшчэ адзін дарагі і відовішчны атракцыён, які можна забыць адразу ж пасля заканчэння сцэн пасля тытраў.

"Ты" / "You"

Чацвёрты сезон серыяла "Ты" выйдзе на Netflix 9 лютага — значыць, у вас ёсць час паглядзець папярэднія, калі вы яшчэ не набліжаліся да гэтага серыяла. У цэнтры сюжэта — серыйны забойца і яго выдасканаленыя спосабы апраўдаць уласныя злачынствы. Чаму ён забівае? Вядома ж, праз каханне. Дакладней, апантанасць.

Ну, а што новае падрыхтавалі стваральнікі шоў для чацвёртага сезона, хутка ўбачым. Дарэчы, сезон падзялілі на дзве часткі — у лютым гледачам пакажуць толькі першую палову.

"Прывітанне, заўтра" / "Hello Tomorrow"

Новы рэтрафутурыстычны серыял пачнуць паказваць па Apple TV ужо з 17 лютага. Гэта можна назваць гісторыяй пра махлярства: ва ўсякім выпадку, у цэнтры сюжэта — харызматычны прадавец, які гандлюе месцамі на Месяцы. Ці, хутчэй, гісторыя пра мары?..

Прадзюсарам і выканаўцам галоўнай ролі тут выступае уладальнік шэрагу узнагарод Білі Крудап. У камандзе стваральнікаў — і іншыя прафесіяналы, якія адзначыліся прэміямі і прызнаннем крытыкаў, таму відовішча, хутчэй за ўсё, нас чакае займальнае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі