“Адбыўся цуд”. Неабыякавы беларус купіў каляску для дзяўчынкі з ДЦП
У шасцігадовай Жэні Кудраўцавай з Полацка з’явілася новая каляска. Днямі маці дзяўчынкі Кацярына Кудраўцава папрасіла дапамогі, каб набыць спецыяльную каляску для дачкі з ДЦП. Амаль адразу пасля публікацыі артыкула пра Жэню ў рэдакцыю Еўрарадыё звярнуўся неабыякавы беларус, які прапанаваў дапамогу. Чалавек аплаціў куплю каляскі для дзіцяці, і 8 чэрвеня кур’ер прывёз яе ў Полацк.
“Чалавеку, які дапамог, хачу сказаць, што ён проста цуд, — распавядае Еўрарадыё Кацярына Кудраўцава. — Дзякуй яму! Дзякуй Еўрарадыё. Калі б вы не распавялі пра нас, дык нічога не атрымалася б. Куды я толькі не звярталася: фонды, сайты, прыватныя асобы… Ва ўсіх прасіла дапамогі. Але марна. А тут усё за адзін дзень адбылося. Гэта цуд!”
Беларус, які дапамог набыць каляску для хворай дзяўчынкі, пажадаў застацца ананімным.
Па дапамогу Кацярына Кудраўцава звярталася ў Чырвоны Крыж, але адтуль нічога не атрымала. Спецыяльная каляска каштавала 1375 беларускіх рублёў. Набыць яе самастойна сям’я не магла: амаль усе грошы ідуць на лекі для дачкі. У 2015 годзе Жэня Кудраўцава праглынула батэрэйку, што прывяло да хімічнага апёку страўніка. Дзяўчынка перанесла пяць аперацый і цяпер у працэсе аднаўлення.