Адміністрацыя прэзідэнта Літвы была супраць санкцый для беларускіх угнаенняў

Адміністрацыя прэзідэнта Літвы была супраць санкцый для беларускіх угнаенняў

Яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня 2021-га адміністрацыя прэзідэнта Літвы выступала супраць таго, каб ЕС накладаў санкцыі на пастаўкі беларускіх угнаенняў. Пра гэта сведчыць ўнутраная перапіска паміж прэзідэнцкім офісам і Міністэрствам замежных спраў. Яна трапіла да літоўскіх журналістаў.

Кіраўнік групы дарадцаў прэзідэнта па знешняй палітыцы Аста Скайсгірытэ піша, што санкцыі ЕС супраць беларускіх угнаенняў кепска адаб'юцца на Літве. "З санкцыямі ў дачыненні да Беларускай АЭС сітуацыя вельмі дрэнная, таму што спазніліся з працэдурамі. Але ў выпадку з угнаеннямі мы спачатку атрымаем страты для нашага бізнесу, а потым расіяне пяроймуць беларускае прадпрыемства", — цытуе перапіску delfi.lt. 

"Мы не імкнемся блакаваць усе сектаральныя санкцыі, мы хочам, каб толькі ўгнаенні былі па-за імі, БелАЭС была ў спісе", — адзначае асоба пад імем Скірмантэ. На думку журналістаў, гэта дарадца з групы прэзідэнта па замежнай палітыкі Скірмантэ Страйгене.

Праз некалькі дзён пасля гэтай перапіскі дарадца прэзідэнта Дарус Куляшус публічна заявіў, што Гітанас Наўседа падтрымае пагадненне Еўрасаюза пра сектаральныя санкцыі, незалежна ад прысутнасці ў спісе экспарту ўгнаенняў. 

Каментуючы перапіску, якая трапіла ў СМІ, адміністрацыя прэзідэнта Літвы заявіла, што фрагменты ўнутранай працоўнай перапіскі не адлюстроўваюць канчатковую агульную пазіцыю, узгодненую з урадам. 

Паведамляецца, што апублікаваная перапіска вялася ў той час, калі ЕС абмяркоўваў увядзенне санкцый на імпарт нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў з Беларусі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі