Адміністрацыя Трампа магла знішчыць базу даных пра выкрадзеных украінскіх дзяцей

Вайна ва Украіне, ілюстрацыйнае фота / X.com Oleksii Reznikov
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа спыніла фінансаванне ініцыятывы, якая адсочвала звесткі пра ўкраінскіх дзяцей, вывезеных у Расію. У выніку эксперты страцілі доступ да базы даных, дзе змяшчалася інфармацыя пра больш як 35 тысяч выкрадзеных дзяцей, піша газета The Washington Post.
Праектам кіравала Лабараторыя гуманітарных даследаванняў Ельскага ўніверсітэта. Цяпер навукоўцы, якія ўдзельнічалі ў праекце, не змогуць перадаваць звесткі ў Міжнародны крымінальны суд (МКС). Раней менавіта іх інфармацыя паслужыла падставай для рашэння МКС пра выдачу ордараў на арышт Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай.
Заканадаўцы ад Дэмакратычнай партыі ЗША падрыхтавалі калектыўны ліст дзяржсакратару Марка Рубіа і міністру фінансаў Скоту Бесенту з заклікам аднавіць праграму, перадае інфармагенцтва Reuters. Яны пішуць: "У нас ёсць падставы меркаваць, што даныя са сховішча былі назаўжды выдаленыя. Калі гэта праўда, гэта будзе мець катастрафічныя наступствы".
Крыніца Reuters, знаёмая з праграмай, паведаміла, што на збор даных было выдаткавана 26 мільёнаў долараў, якія проста выкінулі "ў драўняны здрабняльнік".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.