Адносіны паміж Польшчай і Беларуссю залежаць ад адносінаў Беларусі і ЕС
У межах агульнай змены адносінаў паміж Еўрасаюзам і краінамі ініцыятывы “Усходняе партнёрства” адбываецца пацяпленне адносінаў паміж Польшчай і Беларуссю.
Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі заявіў часовы павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Беларусі Міхал Хабрас.
Міхал Хабрас: “Зараз мы бачым пацяпленне клімату — да канца лютага замарожаныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, ёсць пазітыўныя зрухі ў палітычным дыялогу. Тое ж можна казаць і наконт Польшчы: Польшча займае вельмі важнае месца ў Еўрасаюзе, калі размова ідзе пра выпрацоўку “ўсходняй палітыкі”. І, адпаведна, наша палітыка ў адносінах з Беларуссю можа нейкія карэкціроўкі зазнаваць”.
Еўрарадыё звяртае ўвагу дыпламата, што, нягледзячы на пэўнае пацяпленне адносінаў паміж нашымі краінамі, вось ужо не адзін месяц у Беларусі няма Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Польшчы. Па словах Хабраса, прычына затрымкі — у польскіх унутрыпалітычных працэсах.
Міхал Хабрас: “Як вы ведаеце, і ў нас у Польшчы ідзе ўнутрыпалітычны працэс — праходзілі і парламенцкія, і прэзідэнцкія выбары. Кандыдатура новага пасла зараз знаходзіцца на ўзгадненні. І думаю, што ўжо бліжэйшым часам новы пасол Рэспублікі Польшча з’явіцца ў Мінску”.
Праўда, удакладняць, як хутка гэта можа здарыцца, Міхал Хабрас адмовіўся.
Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся перспектывамі падпісання Дамовы аб малым памежным руху паміж нашымі краінамі. На гэта польскі дыпламат зазначыў, што ў Варшаве гэты дакумент даўно падпісаны і ратыфікаваны — справа за Беларуссю. А рашэння афіцыйнага Мінска на гэты конт ужо некалькі гадоў няма.
Фота: Змітра Лукашука