Афарызм Лукашэнкі пра мовы, адкуль яго ўзяў кіраўнік Беларусі?

euroradio.fm
euroradio.fm

"Калі нехта хоча страціць розум — ён страціць рускую мову. Калі ён хоча страціць сваё сэрца — ён страціць беларускую мову", — такую ​​думку агучыў Аляксандр Лукашэнка падчас паслання да народа і парламента з нагоды моўнага пытання ў Беларусі.

Фраза гучыць вельмі знаёма. І не выпадкова.

"Хто ў маладосці не быў лібералам — у таго няма сэрца, хто ў сталасці не стаў кансерватарам — у таго няма розуму".

Гэтую фразу часта прыпісваюць прэм'ер-міністру Вялікабрытаніі Уінстану Чэрчылю. Хоць многія гісторыкі з гэтым не згодныя, няма ніякіх дакументальных доказаў таго, што брытанскі палітык такое казаў. Пол Эдзісан з Эдынбургскага універсітэта сцвярджае, што Чэрчыль відавочна не мог сказаць гэта, бо ён сам быў кансерватарам у 15 гадоў, а лібералам — у 35.

Фразу ў розных інтэрпрэтацыях агучвалі ў палітычных дыскусіях задоўга да Чэрчыля. Хто з'яўляецца яе рэальным аўтарам, да гэтага часу тэма для спрэчак. Самую раннюю згадку выказвання (1875 г.) прыпісваюць французскаму палітычнаму дзеячу Ансельм-Палікарпу Батбі:

"Хто не рэспубліканец ў дваццаць гадоў, выклікае сумневы ў шчодрасці сваёй душы, а хто упарціцца ў гэтым пасля трыццаці гадоў, выклікае сумневы ў правільнасці свайго розуму".

Існуе версія афарызму і пра развал Савецкага Саюза:

"Хто не шкадуе пра распад СССР — у таго няма сэрца. А ў таго, хто хоча яго аднаўлення ў ранейшым выглядзе — у таго няма галавы".

Яе часта прыпісваюць Уладзіміру Пуціну. У масавай культуры гэтую фразу нават ўвекавечылі стваральнікі камп’ютарнай гульні Call of Duty 4: Modern Warfire. Гэта адна з цытат, якую бачыць гулец пасля смерці гульнявога персанажа. У гульні 2007 года яе аўтарам назвалі менавіта Пуціна.

Двума гадамі раней кіраўнік РФ і праўда яе агучваў, аднак у якасці цытаты. Вось поўная версія выказванні:

"Ведаеце, у нас кажуць: тыя, хто не шкадуе пра крушэнне Савецкага Саюза — у таго няма сэрца, а хто шкадуе — у таго няма галавы".

Але прысвойваць нешта не сваё расійскаму лідару ўласціва. У 2010-м фразу пра распад СССР ён агучвае ўжо як уласнае выказванне:

"Гаворачы пра распад Савецкага Саюза, я казаў, што, хто не шкадуе пра распад СССР — у таго няма сэрца. А ў таго, хто хоча яго аднаўлення ў ранейшым выглядзе — у таго няма галавы".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі