“Афіцэры! Нельга так хлусіць”. Як футбольны балельшчык судзіўся з міліцыяй
Пастарунак “Барысаў-Арэны”
Вечар 26 жніўня 2014-га года, БАТЭ прымае дома “Слован” з Браціславы. БАТЭ тады выйграе 3:0 і выходзіць у групавы раунд Лігі чэмпіёнаў, але балельшчык Сяргей Бахун гэтага амаль не бачыць — у сярэдзіне першага тайма яго выводзяць з трыбуны міліцыянты і трымаюць амаль да канца матча ў “апорцы” стадыёна.
Прычына — бела-чырвоны шалік з “Пагоняй”. Утрыманне Бахуна ў стадыённым пастарунку заканчваецца, калі туды прыходзіць маёр барысаўскай міліцыі Вячаслаў Паўлавец (у жніўні 2014-га ён яшчэ быў маёрам) і адназначна заяўляе: “Схавай шалік пад куртку, а то будзеш мець праблемы”. Міліцыянт пры гэтым прызнаецца, што асабіста аддаў загад “прыбраць” Бахуна з трыбуны. Маўляў, “Пагоня” з’яўляецца незарэгістарванай сімволікай. А такой не месца на матчы “Лігі чэмпіёнаў”. Балельшчык вырашае, што увечары хоча вярнуцца да жонкі з дзіцём, а не ехаць у мясцовы пастаруак. Таму шалік хавае пад куртку і ідзе даглядаць апошнія хвіліны гульні.
“Я хачу, каб суд прызнаў незаконнасць дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі. Каб суд гэта прызнаў і каб міліцыянты папрасілі ў мяне прабачэння. У пісьмовай форме”, — кажа адчайны балельшчык.
“Свае 25 гадоў працы ў міліцыі стараюся хутчэй забыць”
На першае паседжанне, якое праходзіць на пачатку лютага 2016-га года, ужо падпалкоўнік Паўлавец не прыходзіць. Паведамляе, што нібыта знаходзіцца “на вучобе ў Мінску”. Справу разглядаюць толькі 19 чысла. На гэты раз у суд Барысаўскага раёна з'яўляюцца ажно чатыры міліцыянты. Трое, з якіх Сяргей Бахаун патрабуе прабачэнняў, і яшчэ адзін у якасці сведкі з боку Вячаслава Паўлаўца. Разгляд справы пачынаецца а 10-ай і першыя дзьве гадзіны суддзя слухае паказанні Бахуна і міліцыяянтаў Паўлаўца, Урбановіча і Асташкі.
Апошнія расказваюць шмат новага. Напрыклад, Уладзімір Урбановіч (акурат ён выводзіў балельшчыка з трыбуны) раптам заяўляе, што Бахуну зусім не абавязкова было ісці за міліцыянтам. Маўляў, яму толькі прапанавалі прайсці ў пакой міліцыі, але гэтага рабіць было зусім не абавязкова. Можна было далей заставацца на трыбуне і глядзець матч.
Яшчэ больш цікавыя паказанні ў Пятра Асташкі. Ён трымаў Бахуна у стадыённым пастарунку амаль гадзіну, чакаючы прыходу маёра Паўлаўца. “Высокі суд, я прапрацаваў 25 гадоў у міліцыі. Цяпер на пенсіі. І вельмі хачу забыць усё, што са мной адбывалася за тыя гады”, — кажа былы міліцыянт суддзі. Але забыў Асташка яшчэ не ўсё. Ён памятае, як разам з Бахуном чакаў Паўлаўца, як правяраў пашпартныя дадзеныя балельшчыка па міліцэйскай базе. І нават сябра Бахуна памятае, які “туды-сюды” выходзіў з міліцэйскага пакойчыка. Але зусім не памятае, пра што яго начальнік маёр Паўлавец размаўляў з Бахуном, калі нарэшце з’явіўся у падтрыбунцы.
Але самыя цікавыя рэчы кажа сам падпалкоўнік Вячаслаў Паўлавец. Нібы забыўшыся на свае ж пісьмовыя адказы, накіраваныя Бахуну за апошнія паўтары гады, Паўлавец перад суддзёй нечакана выдае абсалютна новую версію падзей. Згодна з ёй, Сяргея Бахуна ніхто не затрымліваў. З ім “проста правялі прафілактычную гутарку”, бо падчас першага тайма матча адзін з фанатаў БАТЭ патэлефанаваў Паўлаўцу на мабільнік і сказаў, што “Бахун дэманструе шалік з “Пагоняй” на сектары і гэта можа мець непрыемныя наступствы”. Таму Вячаслаў Паўлавец, як адказны за мір і спакой на “Барысаў-Арэне”, быў вымушаны запрасіць Бахуна на прафілактычную размову. Для яго ж, Бахуна, бяспекі. Праўда, ніякіх доказаў гэтага Паўлавец не мае.
З паказанняў Паўлаўца знікаюць згадкі за абразу дзяржаўнай сімволікі (падчас міліцэйскіх праверак афіцэр упарта кажа пра тое, што Бахун меў чырвона-зялёны шалік з “Пагоняй”, чым абразіў дзяржаўныя сімвалы) і незарэгістраваную сімволіку. Таксама ён упарта сцвярджае, што ніякага затрымання не было, а Бахуна проста запрасіў на размову. “Ды я з дзяўчатамі на вуліцах гэтаксама размаўляю, знаёмлюся. Гэта ж не затрыманне?” — аргументуе сваю пазіцыю жанаты афіцэр Паўлавец.
“Вы ж афіцэры, нельга так хлусіць”
Далей ідуць сведкі. З боку міліцыі гэта Крачкоўскі Алег, які разам з Пятром Асташкам трымаў Бахуна пад трыбунамі да прыходу маёра. “Бахун быў адзін, чакаў Паўлаўца. Пра што ён з ім размаўляў, я не памятаю”, — кажа Крачкоўскі суддзі. Яго версія супярэчыць паказанням сябра Бахуна, які ўвесь час знаходзіўся побач з ім, толькі аднойчы выйшаўшы з пастарунка на хвіліну. Хто з іх мае рацыю, было б цяжка высветліць, але ёсць адзін факт. Сведка Сяргея Бахуна — я, аўтар гэтага тэкста, журналіст Еўрарадыё Алесь Пілецкі. І дапусціць, што падзеі таго вечара цалкам вылецелі з маёй галавы, вядома, можна. Але мне зрабіць гэта вельмі цяжка.
“Вы ж афіцэры, як можна так хлусіць? Адкуль возьмецца павага да вас у грамадстве, калі вы такое сабе дазваляеце тут, у судзе? Згодна даследванням, толькі 30% беларусаў давярае міліцыі. Падумайце пра гэта… Калі я бачу, што насустрач мне ідзе міліцыянт, то стараюся перайсці на іншы бок вуліцы, каб не мець лішніх праблем”, — кажа Бахун з трыбуны на завяршэнні працэсу. На Вячаслава Паўлаўца прамова Бахуна дзейнічае слаба — ён паўтарае свае словы аб адсутнасці затрымання, тэлефанаванні фаната БАТЭ і скарзе на “Пагоню” і аб абсалютнай законнасці сваіх паводзінаў.
Для прыняцця рашэння па справе барысаўскі суддзя бярэ 2,5 гадзіны. Пасля якіх агучвае — Бахуну адмовіць, дзеянні міліцыі прызнаць правільнымі. “Буду абскарджваць у абласным судзе. Потым у Камітэце правоў чалавека ААН. Хай даюць тлумачэнні зноў і зноў. Нельга ж так з людзьмі”, — каментуе рашэнне суда балельшчык.