Дырэктарам Ліцэя БДУ стаў 41-гадовы фізік Ігар Варакса
У Ліцэі БДУ афіцыйна прызначылі новага дырэктара. Ім стаў кандыдат фізіка-матэматычных навук Ігар Варакса, які дагэтуль выконваў абавязкі кіраўніка навучальнай установы. Загад пра гэта падпісаў рэктар БДУ Андрэй Кароль.
41-гадовы Варакса распачаў сваю працоўную дзейнасць у Ліцэі ў 2001 годзе і прайшоў шлях ад настаўніка фізікі і астраноміі да намесніка дырэктара. Сам ён у свой час скончыў гэтую ўстанову з залатым медалём, а пасля навучаўся ў БДУ. У 2006 годзе ён абараніў кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасці “лазерная фізіка”.
Папярэдні дырэктар Макар Шніп сышоў з пасады ў жніўні гэтага года. Ён кіраваў Ліцэем цягам пяці гадоў і карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод навучэнцаў. У адрозненне ад цяперашняга кіраўніка Шніп — гісторык і тэмай яго дысертацыі было Вялікае княства Літоўскае.
Прычыны звальнення Макара Шніпа не разгалошваюцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.