Афіцыйная “Місіс Беларусь”: На конкурс “Місіс свету” мяне не запрасілі
Юлія Перагудава не трымае крыўды на жыхарку Масквы Марыну Аляксейчык, якая, начапіўшы стужку Mrs. Belarus, перамагла на конкурсе прыгажосці.
Перамога Марыны Аляксейчык на “Місіс свету” ў якасці прадстаўніцы ад Беларусі выклікала, так бы мовіць, рэзананс. І справа не ў знешнасці, тут жанчыне можна паставіць найвышэйшы бал. Аднак да Марыны ўзніклі пытанні, ці бывала яна ўвогуле ў Беларусі і ці мае наш пашпарт. Школу скончыла ў Сібіры, два ўніверсітэты ― у Томску, потым пераехала ў Маскву, працавала на розных расійскіх каналах… Выплыў і такі нюанс, што прадстаўляючы на “Місіс свету” Беларусь, жанчына надзела традыцыйны расійскі какошнік.
Па-сапраўднаму скандальна выглядае іншае. Марына Аляксейчык дэфіліравала па сцэне са стужкай Mrs. Belarus (Місіс Беларусь). Але ні ў Нацыянальнай школе прыгажосці, ні на тэлебачанні ніхто не ведае, хто надаў томскай прыгажуні такі статус. Бо ў нас ёсць свая адзіная афіцыйная “Місіс Беларусь-2104” Юлія Перагудава з Гомеля. Дарэчы, таксама вельмі прыгожая жанчына. Сваю карону яна атрымала сёлета ў траўні на афіцыйным рэспубліканскім конкурсе, які праводзіўся тэлеканалам АНТ пры дзяржаўнай падтрымцы.
Афіцыйная "Місіс Беларусь-2014" падчас здымкаў у тэлешоў
Звязваемся з Юліяй і цікавімся, чаму не яна паехала ў ЗША.
“На гэта мерапрыемства мяне не запрашалі. З задавальненнем прыняла б удзел, але для гэтага павінна быць афіцыйнае запрашэнне, ― тлумачыць сітуацыю афіцыйная місіс. ― Напрыклад, на конкурс “Міс свету” (прымаюць удзел незамужнія, ― Еўрарадыё) быў афіцыйны запыт праз Нацыянальную школу прыгажосці. Туды адправілі Вікторыю Мігановіч ― цудоўную дзяўчыну, якая стала “Міс Беларусь”. Адбор быў сур’ёзны, правяраліся ўсе дадзеныя, пачынаючы ад месца працы, вучобы, заканчваючы маральнымі якасцямі. Мне здаецца, што трошкі няправільна самой напрошвацца на нейкія конкурсы. Для мяне важна было б прадставіць краіну так, каб і мае блізкія, і ўсе жыхары Беларусі, якія б за гэтым назіралі, падумалі, што ім не сорамна за сваю прадстаўніцу. Няхай нават былі б пытанні да ўзросту, да фігуры, да знешнасці, але галоўнае, каб краіна выглядала годна”.
Еўрарадыё: Якое ваша стаўленне да перамогі на “Місіс свету-2014” нашай неафіцыйнай прадстаўніцы?
Юлія Перагудава: “З іншага боку, Беларусь многія ўзгадалі. Таксама цудоўна. Калі чалавек нейкім чынам, нават не з’яўляючыся беларусам, кажа, што ён беларус, гэта таксама някепска”.
У гомельскай прыгажуні Юліі Перагудавай двое дзетак. Малодшай дачцэ 2,5 гады, таму Юлія мае яшчэ паўгода дэкрэтнага адпачынку. Да нараджэння другога дзіцяці Юлія працавала вядучым спецыялістам у абласным упраўленні “Беларусбанка”. Дарэчы, гэтым летам жанчына паступіла ў магістратуру Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта, здала іспыты на ўсе дзявяткі. Пасля атрымання кароны Юлія распачала і грамадскую дзейнасць: супрацоўнічае з Фондам выратавання немаўлят ― арганізацыяй, якая змагаецца супраць абортаў. Час ад часу місіс ездзіць па краіне і праводзіць сустрэчы па набалелай тэме са студэнтамі і навучэнцамі. Да таго ж Юлія здымаецца ў фільме маскоўскага рэжысёра і рыхтуецца да запуску новай грамадскай арганізацыі, якая будзе займацца дабрачыннасцю.
Улетку Юлія Перагудава планавала прадставіць Беларусь у Малайзіі на конкурсе “Місіс Сусвет-2014” (у нас гэта спаборніцтва сярод замужніх жанчын лічыцца самым прэстыжным). Але не змагла праз сямейныя абставіны. Яе выручыла мінская адвакатка Наталля Трафімава. У 2012 годзе Наталля ўжо была на “Місіс Сусвет” і ўвайшла ў шасцёрку найлепшых. Гэтак жа здарылася і ў 2012-м: наша зямлячка атрымала тытул “Місіс гламур”.
Таму цікавімся ў Наталлі, ці ведае яна што-небудзь пра конкурс, дзе перамагла Марына Аляксейчык.
“Пра гэты конкурс, калі шчыра, нічога не ведаю. Мне знаёмы “Місіс Сусвет” і “Місіс Еўропа”. Там, на мой погляд, усё больш празрыста. Грамадзянства краіны, якую ты падстаўляеш, гэта абавязковая графа, ― тлумачыць Наталля Трафімава. ― А ўвогуле такіх конкурсаў дастаткова шмат ― Mrs Top of the World (праводзіцца ў Латвіі), Mrs Globe. Іх каля 20, хоць баюся памыліцца”.