Афіцыйны Кіеў адмаўляе магчымасць новай мінскай сустрэчы
Украінскія ўлады кажуць, што спярша трэба выканаць папярэднія мінскія дамоўленасці.
Дарадца старшыні Службы бяспекі Украіны Маркіян Лубкіўскі выключае, што ў Мінску можа прайсці наступнае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы, пакуль не выкананыя папярэднія дамоўленасці. Як паведамляе censor.net.ua, пра гэта ён заявіў у тэлеэфіры ўвечары 13 лістапада.
"Мінска-2 не будзе. У нас ёсць Мінск-1 і тыя дамоўленасці, якія трэба выконваць і якія тэрарысты не выконваюць", — сказаў Лубкіўскі.
Пасол па асаблівых даручэннях Міністэрства замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба дадаў, што баевікі павінны аднавіць абмен палоннымі, выконваць рэжым спынення агню і перадаць кантроль над мяжой сілам АТА.
Пратакол, падпісаны ў Мінску 5 верасня, прадугледжваў спыненне агню, маніторынг украіна-расійскай мяжы місіяй АБСЕ, дэцэнтралізацыю ўлады ва Украіне і датэрміновыя мясцовыя выбары на асобных тэрыторыях Луганскай і Данецкай абласцей у адпаведнасці з законам Украіны, нагадвае РБК.
Фота Лубкіўскага — bigmir.net