Афіцыйны Мінск нервова адрэагаваў на заяву ААН па справе Бяляцкага

Алесь Бяляцкі / sb.by
Алесь Бяляцкі / sb.by

Афіцыйны Мінск нервова адрэагаваў на заяву Упраўлення вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека па справе беларускага палітвязня, нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага. Пастаяннае прадстаўніцтва РБ у Жэневе пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацый выступіла з заявай. Яно заклікала структуру ААН "устрымацца ад прадузятых каментароў, якія разглядаюцца як ціск на судовую ўладу і ўмяшанне ва ўнутраныя справы краіны". Беларускія дыпламаты лічаць, што справа Бяляцкага адносіцца "да ўнутранай юрысдыкцыі", а статут ААН не дае паўнамоцтваў Упраўленню вярхоўнага камісара ў яе ўмешвацца. 

Заява Упраўлення вярхоўнага камісара Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па правах чалавека з'явілася 6 студзеня. У ёй выказвалася заклапочанасць судовым працэсам у Мінску над праваабаронцамі і палітвязнямі, сярод якіх — Алесь Бяляцкі. У заяве быў заклік да ўладаў Беларусі вызваліць Бяляцкага і яго паплечнікаў, ды зняць з іх усе абвінавачванні.

Суд над Алесем Бяляцкім, Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам пачаўся ў Мінску 5 студзеня. Іх судзяць за дапамогу рэпрэсаваным беларусам. Сваёй віны яны не прызналі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі