Афнагеля, Сіўчыка і Вінярскага выпусцілі з Акрэсціна
Максіма Вінярскага, Яўгена Афнагеля і Вячаслава Сіўчыка выпусцілі з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі іх знаёмыя.
Усіх трох затрымалі напярэдадні Дня Волі. Нагодай для іх затрымання хутчэй за ўсё быў меркаваны ўдзел у несанкцыянаваным шэсці. Яго планавалася правесці сёння ад плошчы Якуба Коласа. Як паведамлялася раней, на плошчы адбыўся жорсткі "хапун". За краты трапіў арганізатар шэсця Мікалай Статкевіч.
Разам з тым, як паведамляюць праваабаронцы з "Вясны", на Акрэсціна ў аўтазаку сёння адвезлі шэсць або сем затрыманых. Іх прозвішчы: Спарыш, Шарэнда, Троцкі (або Трокскі), Татур, Чарняк, Кавалькоў. Тры з іх: Татур, Кавалькоў, Шарэнда — з Брэста.