Агонь ад лясных пажараў у Грэцыі дабраўся да складоў з боепрыпасамі
Пажар у Грэцыі ў раёне базы ВПС / Reuters
Грэцкія пажарныя не змаглі спыніць прасоўванне лясных пажараў да вайсковых аб'ектаў у цэнтральнай частцы краіны. Ля ўзбярэжжа Эгейскага мора былі чуваць магутныя выбухі. Тут размешчаная база ВПС. Персанал і самалёты F-16 загадзя вывезлі на іншую базу, але склады знішчаныя, паведамляе Euronews.
Акрамя таго, пажарная ахова паведаміла пра эвакуацыю 12 населеных пунктаў. Ад дэтанацыі боепрыпасаў папярэдне ніхто сур'ёзна не пацярпеў.
Дадамо, што ў Грэцыі цяпер бушуе больш за сто лясных пажараў, цярпяць у тым ліку турыстычныя рэгіёны. Турыстаў эвакуююць, мясцовы бізнес страчвае прыбытак. Уладальніца аднаго з рэстаранаў у турыстычным раёне прызналася журналістам, што "фінансава ні адна сям'я ў раёне Кіятары не зможа перажыць зіму", бо цяпер у сезон усё закрытае.
"Для каго працаваць? Для мясцовых? Яны не ходзяць вячэраць кожны вечар. Ніхто не ходзіць есці кожны дзень. Даводзіцца эканоміць", — прызналася жанчына. Пры гэтым урад Грэцыі настойвае на тым, што большасць курортаў Грэцыі дастаткова бяспечная для турыстаў. Reuters таксама піша, што лясныя пажары ў Грэцыі сціхаюць. Пры гэтым аварыйныя службы працуюць над перадухіленнем новых успышак у цэнтральнай частцы краіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.