Ахоўнікі супермаркета абшукалі 14-гадовае дзіця, бацькам не званілі

Ахоўнікі супермаркета абшукалі 14-гадовае дзіця, бацькам не званілі

Непрыемная гісторыя адбываецца 3 траўня ў мінскім супермаркеце "ГІППА" на вуліцы Сухараўскай, 31. 14-гадовы Кастусь ідзе ў краму за прадуктамі, купляе ўсё, што папрасілі бацькі, разлічваецца і збіраецца вяртацца дадому, але хлопчыка спыняюць супрацоўнікі службы бяспекі.

"Сын, калі вярнуўся з крамы, то расказаў, што яго правяралі ў асобным пакоі. Глядзелі, ці не скраў ён нешта ў краме. Як разлічыўся на касе, то адразу адвялі. Праверылі заплечнік і адпусцілі ― там нічога не было", ― расказвае маці Кастуся Таццяна Гацура-Яворская.

Па яе словах, 14-гадовы Кастусь часта ходзіць за прадуктамі ў краму адзін і раней ніякіх праблем з ахоўнікамі не меў.

"Максімум, гэта калі хадзіў з сябрамі, то казаў, што ахоўнік за імі сачыў, хадзіў следам, але гэта максімум", ― расказвае Таццяна.

Нягледзячы на тое, што па словах сына ахоўнікі паводзілі сябе карэктна, яна ўжо напісала скаргу на іх дзеянні ў Дэпартамент аховы, які выдае ліцэнзіі шматлікім службам бяспекі. Таццяна заўважае, што даглядаць непаўналетніх без прысутнасці іх бацькоў ― ненармальна:

"Я не лічу нармальным, што ахоўнікі некуды вядуць дзіця і там яго правяраюць. Без міліцыі, без законных прадстаўнікоў".

У службе бяспекі супермаркета "ГІППА" Еўрарадыё паведамілі, што каментаваць сітуацыю пакуль не гатовыя. Супрацоўнік адміністрацыі, які не пагадзіўся назваць сваё імя, лічыць, што гісторыя можа быць выдуманай і ў ёй трэба разбірацца:

"Гэта вам яны сказалі. А што адбылося насамрэч, я не ведаю, мне трэба разабрацца. Існуе закон аб ахоўнай дзейнасці, там прапісаныя нашы паўнамоцтвы. У гэтай сітуацыі трэба разабрацца. Казаць і каментаваць нешта, не разабраўшыся, я не буду".

Аднак супрацоўнік службы бяспекі сеткі супермаркетаў "ГІППА" прызнае ― даглядаць дзяцей без прысутнасці іх бацькоў нельга. Той самае кажуць і "Правілы правядзення асабістага нагляду...", прынятыя Саветам міністраў у 2010 годзе. Там пазначана, што "дагляд не праводзіцца ў дачыненні да непаўналетняй або недзеяздольнай фізічнай асобы, калі адсутнічаюць яго законныя прадстаўнікі (бацькi, усынавiцелi, апекуны, папячыцелі і іншыя асобы)".

Адказ Дэпартамента аховы на скаргу Таццяна Гацура-Яворская павінна атрымаць на працягу двух тыдняў. Еўрарадыё ў Дэпартаменце пацвердзілі, што разбяруцца ў сітуацыі, яго супрацоўнікі ўжо пачалі праверку службы бяспекі згаданага супермаркета.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі