Актывіст АГП з трэцяга разу змог адбыць пяць сутак арышту

Гэты тэрмін быў прызначаны яму 24 сакавіка судом Партызанскага раёна Мінска, паведамляе сайт Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Прэс-служба партыі нагадвае, што суд вынес рашэнне аб арышце, але Жылко не быў арыштаваны, бо на той момант ён юрыдычна ўсё яшчэ заставаўся кандыдатам у дэпутаты.



Актывіст двойчы спрабаваў адбыць прызначанае пакаранне, але адміністрацыя турмы "пасля доўгіх нарад з кімсьці яму адмаўляла", паведамляюць у АГП.



Нагадаем, што Жылко абвінавацілі ў правядзенні несанкцыяванай акцыі. 21 сакавіка яго затрымалі каля ўваходу на станцыю метро "Трактарны завод" за дзве гадзіны да яго сустрэчы з выбарцамі. Разам са сваёй даверанай асобай Ганнай Канапацкай кандыдат раздаваў запрашэнні на сустрэчу, якая павінна была адбыцца ў СШ № 87, а таксама ўлёткі акцыю на Дзень Волі 25 сакавіка ў Мінску.



Хаця шэсце і мітынг у Дзень Волі былі дазволеныя Мінгарвыканкамам, але на Жылко склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.



Фота — ucpb.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі