Актывістцы, у якой дома застаўся адзін малы сын, замянілі "суткі" на штраф
Алену Лазарчык, асуджаную на 12 сутак арышту, выпусцілі з ізалятара часовага ўтрымання на Акрэсціна. Пра гэта паведамляецца на акаўнце "Еўрапейскай Беларусі" ў Фэйсбуку.
Еўрарадыё распавядала, што жанчыну затрымалі 5 чэрвеня за ўдзел у легальным пікеце на Камароўскім рынку ў Мінску. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і прысудзілі 12 сутак арышту. Перад гэтым быў асуджаны яе муж Сяргей Мацкойць.
Лазарчык тлумачыла, што дома застаўся адзін шасцігадовы сын, аднак на суддзю гэты довад не паўплываў. Між тым, паводле закону ў такой сітуацыі Лазарчык мусілі аштрафаваць, каб малое дзіця не заставалася дома адно.
"Сёння мне ў ізалятары далі паперу, у якой указана, што не адседжаныя мной 9 дзён замяняюцца на штраф сумаю 1215 рублёў. Таксама я вінная ізалятару за харчаванне, яны выставілі мне суму ў 40 рублёў за тыя тры дні, што я сядзела", — распавяла Лазарчык пасля свайго вызвалення.
Жанчына кажа, што ўвесь час была ў камеры адна. Толькі адзін раз да яе падсялілі дзяўчыну, але неўзабаве вывелі.
Яна паведаміла, што з сынам усё добра, ён знаходзіцца з бацькамі на лецішчы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.