Актывісты Greenpeace прабраліся на французскую АЭС менш чым за 10 хвілінаў
Міжнародная экалагічная арганізацыя Greenpeace заявіла, што зранку ў аўторак яе актывісты прабраліся на тэрыторыю атамнай электрастанцыі Круа ў французскім дэпартаменце Ардэш.
У мінулым месяцы экаактывісты забраліся на тэрыторыю французскай атамнай электрастанцыі Катэном і запусцілі адтуль салют, перадае АФН. Такім чынам грынпісаўцы хацелі прадэманстраваць нізкі ўзровень абароны атамных прадпрыемстваў Францыі.
Сёння ў 6.20 паводле мясцовага часу (8.20 паводле мінскага)20 актывістаў "Грынпісу" прабраліся на тэрыторыю АЭС. На гэта ім спатрэбілася менш за дзесяць хвілінаў.
Некаторыя актывісты залезлі на адно з басейнавых сховішчаў адпрацаванага ядзернага паліва. Іншыя з дапамогай фарбы пакінулі на сценах адбіткі сваіх далоняў. Так яны паказалі, наколькі лёгка трапіць на тэрыторыю АЭС.
Раней Greenpeace папярэдзіў пра небяспеку нападаў на атамныя станцыі Францыі і Бельгіі, бо ў іх нізкі ўзровень абароны. Асаблівую трывогу экаактывістаў выклікае бяспека басейнаў з ядзернымі адкідамі, бо гэта пры нападзе можа справакаваць аварыю.