Алана Гебрэмарыям і яшчэ чатыры актывісты ЗБС прызнаныя палітвязнямі
Праабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі палітвязнямі актывістаў Задзіночання беларускіх студэнтаў — Ксенію Сырамалот, Алану Гебрэмарыям, Ягора Канецкага, Яну Арабейка і Касю Будзько.
Такім чынам, колькасць палітвязняў у Беларусі вырасла да 126 чалавек (спіс можна паглядзець тут).
Ператрусы на офісе ЗБС і ў кватэрах актывістаў прайшлі 12 лістапада. Актывістаў затрымалі. Прадстаўніца Святланы Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям прызнаная падазраванай па крымінальнай справе і знаходзіцца ў турме КДБ.
Затрыманні адбыліся ў рамках крымінальнай справы паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (“Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх”). Праваабаронцы лічаць гэтую справу беспадстаўным. Як піша сайт "Вясна", гэтая справа стаіць у адным шэрагу "з сотнямі палітычна матываваных крымінальных спраў, што вядуцца цяпер уладамі Беларусі супраць апанентаў дзеючага аўтарытарнага рэжыму".
ЗБС было створанае на мяжы 1980-1990-х гадоў. На пачатку 2000-х яе пазбавілі юрыдычнай рэгістрацыі. Сёлета актывісты ЗБС трапілі пад каток рэпрэсіўнай машыны, адзначаюць праваабаронцы. "Адмысловыя і жорсткія рэпрэсіі скіраваныя рэжымам супраць тых арганізацый, якія супрацоўнічаюць з Каардынацыйнай радай па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, вядуць праваабарончую дзейнасць, аказваюць дапамогу вязням і ахвярам рэпрэсіяў", — пішуць яны.
Праваабаронцы пратэстуюць супраць любых рэпрэсіяў як актывістаў і прыхільнікаў ЗБС, так і іншых недзяржаўных арганізацыяў. Пераслед сябраў ЗБС яны лічаць праявай палітычных рэпрэсіяў, а саміх зняволеных палітвязнямі. Таму патрабуюць неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення крымінальных спраў.
Пад зваротам падпісаліся Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, Беларуская нацыянальная платформа ФГУ УП (Сакратарыят), Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі нацыянальны моладзевы савет “РАДА”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, РГА "Прававая ініцыятыва", праваабарончы цэнтр “Вясна” (не зарэгістраваны ў Беларусі), простае таварыства “Ініцыятыва Forb”, Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), Human Constanta.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.