Алег Гайдукевіч: Міліцыянеры, якія парушылі закон, павінны сядзець у турме
Адзін з лідараў Ліберальна-дэмакратычнай партыі, былы супрацоўнік праваахоўных органаў Алег Гайдукевіч 23 лістапада ў жывым эфіры Еўрарадыё пракаментаваў збор подпісаў за адстаўку міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Акцыя адбываецца ў інтэрнэце, яе арганізатары заяўляюць, што "апошнім часам беларускае грамадства кожны дзень бударажаць, шакіруюць навіны аб злачынствах, якія здзяйсняюцца супрацоўнікамі органаў унутраных спраў", ды прыводзяць факты.
Гайдукевіч: "Усе міліцыянеры, якія парушылі закон, павінны быць звольнены і пасаджаны ў турму. Пры гэтым жорстка, калі гэта сапраўды праўда".
Алег Гайдукевіч кажа, што петыцыю ён чытаў і яна яму не спадабалася. Ён бачыць праблему ў іншым. Па словах палітыка, "трэба павялічваюць паўнамоцтвы МУС у некаторых пытаннях" ды прыбраць у міліцыі "неўласцівыя ёй функцыі". "Гадамі некаторыя праблемы не вырашаюцца з-за ліберальнага заканадаўства і адсутнасці паўнамоцтваў", — кажа Гайдукевіч. І прыводзіць прыклад: сусед будзе рэгулярна шумець, вы будзеце выклікаць міліцыю, але гэта праблему не вырашыць.
У той жа час Алег Гайдукевіч лічыць, што Ігар Шуневіч — прафесіянал, адзін з лепшых міністраў унутраных спраў за часы незалежнай Беларусі.