Алеку Болдуіну выставілі абвінавачанні ў ненаўмысным забойстве
Алек Болдуін / Reuters
Галівудскаму акцёру Алеку Болдуіну і кансультантцы па зброі Ханне Гут'ерэс-Рыд выставілі абвінавачанні ў ненаўмысным забойстве. Пра гэта паведамляе Reuters.
Паўтара года таму на здымках карціны "Іржа" ў выніку стрэлу з пісталета, які выкарыстоўваўся як рэквізіт, загінула аператарка фільма Галіна Хатчынс. У момант стрэлу пісталет быў у руках Болдуіна, Гут'ерэс-Рыд адказвала за зброю-рэквізіт.
Самае суровае пакаранне, якое можа пагражаць цяпер Болдуіну, — пяць гадоў турмы. Гэта адбудзецца ў тым выпадку, калі пракурор зможа пераканаць прысяжных у тым, што акцёр дзейнічаў з наўмысным пагарджаннем бяспекі іншых. Раней Болдуін казаў, што не націскаў на спускавы кручок. Але крыміналісты ў сваёй справаздачы напісалі, што зброя не магла стрэліць сама. Што тычыцца Ханны Гут'ерэс-Рыд, то яе віна, папярэдне, палягае ў тым, што яна не настойвала на навучанні Болдуіна тэхніцы бяспекі, не правярала кожны патрон, а таксама не выконвала правілы бяспекі пры захоўванні боепрыпасаў, адзначалі раней у пракуратуры.
Адвакат Болдуіна адмовіўся ад каментароў. Хоць раней ён казаў, што лічыць "жудаснай памылкай правасуддзя" рашэнне пракуратуры выставіць Болдуіну абвінавачанні. А адвакат Гут'ерэс-Рыд заявіў, што пракурор "зусім няправільна вытлумачыў факты і прыйшоў да няслушных высноў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.