Алена Мінчэня: Акцыі феміністак у Беларусі могуць палічыць хуліганствам
Спецыялістка па гендэрных даследаваннях тлумачыць, ці могуць беларускія феміністкі скарыстацца ідэямі французкіх , і чаму не варта браць прыклад з FEMEN.
Французская група феміністак La Barbe змагаецца супраць няроўнасці палоў з дапамогай накладных бародаў. Яны наведваюць публічныя мерапрыемствы, дзе большасць прысутных -- мужчыны, і ў пэўны момант пачынаюць адна за адной апранаць накладныя бароды, паведамляе ВВС.
Еўрарадыё: Ці маглі б дапамагчы беларускім феміністкам у змаганні барада і вусы?
Алена Мінчэня: Мне вельмі сімпатычны фемінісцкі акцыянізм, я была б вельмі рада, калі б у нас з’явіліся такія групы. Хаця, тут ёсць пэўная небяспека, калі мы ўзгадаем спробу украінскіх феміністак зладзіць у нас акцыю, для іх саміх яна скончылася дастаткова стрэсова. Так што, на жаль, фемінісцкі актывізм будзе тут прыраўнаны да хуліганства, тое ж і ў Расіі. То бок на гэтай прасторы не ўсё так проста з разуменнем правоў чалавека і магчымых крэатыўных акцый з боку мастакоў. З аднаго боку, ўсе людзі творчыя, але каб склалася ініцыятыўная група – патрэбны час.
Еўрарадыё: То бок беларускія феміністкі запалоханыя і не спрабуюць крэатывіць?
Алена Мінчэня: Большасць сапраўды працуе пакуль у акадэмічнай сферы. Я не ведаю , справа толькі ў страху, ці, можа, яшчэ проста не склаліся ўмовы для з’яўлення творчых груп. Магчыма, творчыя групы яшчэ не знаёмыя з ідэямі фемінізму і не ідэнтыфікуюць сябе з гэтымі ідэямі, не разумеюць, што гэта важна. Часта людзі заклапочаныя яшчэ і магчымасцю правесці акцыю. Тут трэба ўлічваць публічную сферу, наколькі яна адкрытая для таго, каб можна было выказаць сваю пазіцыю.
Еўрарадыё: Ці могуць барада і вусы сапраўды перамагчы мужчынскі шавінізм?
Алена Мінчэня: Прынамсі, гэта прыцягвае ўвагу адпаведных устаноў. Гэта, звычайна, дастаткова публічныя мерапрыемствы, удзельнікі акцыі з’яўляюцца нечакана, там дзе вялікі адсотак мужчын. І паколькі найчасцей гэта публічныя мерапрыемствы, то шмат людзей мае магчымасць убачыць, што штосьці не так.
Еўрарадыё: Ці актуальная ўвогуле праблема правоў жанчын для Беларусі?
Алена Мінчэня: Гэта бясспрэчна, Беларусь не унікальная. Можа быць, складаней перанесці праблемы французкіх феміністкак да нашай рэчаіснасці, але пытанні постсавецкай прасторы – агульныя. Я думаю, што тут можна знайсці і салідарнасць і агульную кропку і знайсці тыя пытанні, якія неабходна задаць грамадству. Людзі могуць не разумець у чым праблема, калі шмат мужчын у кіраванні, маўляў, жанчыны самі туды не ідуць. Магчыма, у гэтай сітуацыі трэба пачынаць з іншых пытанняў. Акцыя – гэта вяршыня айсберга, але спачатку трэба правесці сур’ёзную падрыхтоўчую працу, убачыць, навошта гэтую акцыю праводзіць.
Еўрарадыё: Якая з феміністычных акцый вас найбольш уразіла?
Алена Мінчэня: Мяне уражваюць акцыі, дзе выкарыстоўваецца ці падкрэсліваецца цела. Ў 70-я гады ў ЗША быў актыўны перыяд, калі паказвалася, наколькі ідэалы прыгажосці аб’ектывуюць жанчыну. У нас конкурсы прыгажосці зараз вельмі папулярныя, праходзяць пры найвышэйшай падтрымцы. А гэта адзін з момантаў, калі акурат можна пачаць пытацца, чаму жанчыну можна ацаніць толькі праз каноны прыгажосці, а не праз яе здольнасці ці талент.
Еўрарадыё: Але хіба цела – адзіная магчымасць выказаць пратэст?
Алена Мінчэня: Трэба быць вельмі асцярожным. На маю думку, напрыклад, FEMEN гуляюць на мяжы фола. У гэтым выпадку самі феміністкі пачынаюць прадаваць і сэксуалізаваць сваё цела. А гэта ўжо тое самае, што робіць масавая культура. Калі я гаварыла пра цялесныя акцыі – я мела на ўвазе табуяваныя тэмы. Напрыклад, мастачкі, якія малявалі карціны менструальнай крывёй, якая лічыцца чымсьці брудным - падчас менструацыі забаронена хадзіць у царкву. Мэта тут – паказаць тое, на што грамадства звычайна не глядзіць.