Альгерд Бахарэвіч: "Я афіцыйна прызнаны аўтар экстрэмісцкага рамана"
Кнігу "Сабакі Еўропы" беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча прызналі ў Беларусі “экстрэмісцкім матэрыялам”. Ён напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што даведаўся пра гэта з артыкула ў "СБ. Беларусь сегодня".
"Ну нарэшце. Бальшое спасіба, "Савецкая Беларусія", — піша Бахарэвіч. — Цяпер маем інфармацыю з правераных крыніц, ёсць на што спасылацца. Так што ад сёння я афіцыйна прызнаны аўтар экстрэмісцкага рамана".
Раман "Сабакі Еўропы" выйшаў у 2017 годзе на беларускай мове. Ён атрымаў шмат узнагарод. Яго пераклад на рускую мову апынуўся ў шорт-лісце прэміі "Вялікая кніга" — 2019. У сакавіку сёлета ў Лондане адбылася сусветная прэм'ера спектакля, пастаўленага паводле рамана (рэжысёр — Мікалай Халезін).
Беларускія мытнікі цікавіліся кнігай Бахарэвіча яшчэ летась. Нядаўняе перавыданне мытня забірала на экспертызу. У ім нібыта знайшлі "распальваньне сацыяльнай, палітычнай і ідэалягічнай варажнечы" і "заклікі да масавых беспарадкаў...".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.