Аляксандр Рыбак: “Я баяўся, што беларусы на мяне пакрыўдзяцца”

Пераможца “Еўрабачанні” распавёў Еўрарадыё пра сваё сентыментальнае першае каханне, асабістае жыццё і нават пра здымкі ў кіно разам з салістам А-hа, які выконвае там ролю яго бацькі. Беларус з нарвежскім пашпартам набраў рэкордную колькасць балаў за ўсе часы правядзення конкурсу. 15 краін, у тым ліку і Беларусь, паставілі яму найвышэйшую адзнаку.

Аляксандр набраў 386 балаў, другое месца заняла Ісландыя з вынікам 218 балаў, на трэцім месцы — Азербайджан.

Прапануем вам інтэрв'ю, якое Аляксандр Рыбак даў нашаму радыё яшчэ да перамогі.



Прадстаўнік Нарвегіі на “Еўрабачанні” апынуўся сваім хлопцам. Ён распавёў пра сваё сентыментальнае першае каханне, асабістае жыццё і нават пра здымкі ў кіно разам з салістам А-hа, які выконвае там ролю яго бацькі.

Знайсці Аляксандра Рыбака сёння няпроста. Пасля перамогі на нарвежскім адборы да “Еўрабачання” ён увесь час рэпетыруе. Менеджэры Рыбака прапанавалі Еўрарадыё пагутарыць з артыстам усяго некалькі хвілін. Але гутарка з Сашам і яго маці расцягнулася надоўга. Вядома: спявак упершыню пасля бацькоў пачуў жывога беларуса і…сам пачаў задаваць пытанні.

Аляксандр Рыбак: “Скажыце, а як беларускім людзям тое, што я зараз нарвежац? Ці правільна тое, што я са скрыпкай Нарвегію хачу паказаць?”

ЕРБ: “Многія беларусы цябе падтрымліваюць”.

Аляксандр Рыбак: “Вельмі добра. А то я баяўся, што беларусам будзе непрыемна. Я ж беларускую культуру прадстаўляю ў Нарвегіі. Так што беларусы, можа быць, за мяне і галасаваць будуць на “Еўрабачанні”…”

ЕРБ: “Так, будзем галасаваць, забяспечваць 12 балаў”.

Аляксандр Рыбак: “Вельмі было б добра. А гэта нічога, што я дрэнна размаўляю па-руску?”

ЕРБ: “Мы таксама не рускамоўныя. Размаўляем у жыцці па-беларуску”.

Аляксандр Рыбак: “А!!! Добра што сказалі. А то я ўсім тут ў Нарвегіі даводжу, што на Беларусі ўсе гавораць па-руску. А на дачах, дык там па-беларуску”.

Толькі напрыканцы размовы мы зразумелі, што пад словам "дача" Саша меў на ўвазе беларускую вёску. Дарэчы, вёска – самы яскравы яго дзіцячы беларускі ўспамін.

Аляксандр Рыбак: “Так, так, так! Я дачы памятаю вельмі добра. Лешні. Вы ведаеце, дзе знаходзяцца Лешні? Там вельмі цёплыя людзі, вельмі гасцінныя суседзі, яны ўвесь час запрашалі ў госці. Памятаю, што і ў таты была дача, і ў мамы была дача”.

ЕРБ: “А пра што твая песня, якая прагучыць на “Еўрабачанні”?

Аляксандр Рыбак: “Тэкст маёй песні пра першае каханне. І гэта ўсё праўда. Гісторыя пра першую дзяўчынку, якую я кахаў. Гэта здарылася шэсць гадоў таму і доўжылася год. Але я пра ўсё гэта не забыўся, таму зараз напісаў песню. Пра тое, што я кахаю яе. Але, з іншага боку, закаханы ў казку, разумееш? І казку гэтую больш ніколі не пачую. Таму добра, што я нежанаты і не маю дзяцей, бо спяваю пра старое каханне. Як вы гэта называеце, “холостой”?

ЕРБ: “Па-руску “холостой”.

Аляксандр Рыбак: “А па-беларуску?”

ЕРБ: “Па-беларуску "халасты" ці "незаручоны"”.

Мы зноўку закранулі балючае для Беларусі пытанне развіцця нацыянальнай культуры. І Саша, і яго маці сцвярджаюць, што выхоўваліся не толькі на класічнай музыцы, але і на беларускім фальклоры. Прынамсі, некалькі песень у дзяцінстве Саша ведаў.

Аляксандр Рыбак: “Напрыклад, “Купалінку”. Маці спявала мне яе, каб я заснуў”.

Да размовы далучылася Наталля Валянцінаўна, маці Сашы.

Наталля Валянцінаўна: “Беларускую мову ён і пачуў дзякуючы песням. Ён вельмі любіць “Купалінку”. А ў дзяцінстве любіў “Касіў Ясь канюшыну”, песняроўскую”.

ЕРБ: “Праўда, што ты паспеў папрацаваць з музыкамі легендарнага гурта A-ha, ці гэта журналісты качку запусцілі?”

Аляксандр Рыбак: “Так, яны ж таксама з Нарвегіі. Пазнаёміліся мы выпадкова. На адзін з канцэртаў ім быў патрэбны скрыпач, і я быў адзіным скрыпачом у тым месцы. І зараз з салістам A-ha мы іграем у адным фільме. Мы іграем цыган”.

ЕРБ: “Што гэта за такі фільм?”

Аляксандр Рыбак: “Называецца Yohan. Я іграю цыгана, які, безумоўна, іграе на скрыпцы. Вакаліст A-ha іграе майго бацьку. Гэты фільм дзіцячы, але самы буйны ў Скандынавіі”.

ЕРБ: “Калі нам рыхтаваць хлеб ды соль і чакаць цябе на Беларусі?”

Аляксандр Рыбак: “Я ведаю, што перад “Еўрабачаннем” будзе проматур. І спадзяюся, што адной з краінаў, якую мы наведаем, будзе Беларусь. Тым больш, што я з гэтай краіны”.

Менеджэр Ліна пацягнула Сашу на здымкі чарговай тэлепраграмы. Са спеваком мы развіталіся і працягнулі гутарку з яго мамай Наталляй Валянцінаўнай. Яна расказала пра незвычайны лёс сям’і Рыбакоў, пераезд у Нарвегію і жыццё ў гэтай краіне.  

Наталля Валянцінаўна: “Гэта быў, здаецца 1993 год. Сыну было пяць гадоў. Муж мой, Ігар, іграў доўгі час у мінскім камерным аркестры. Я працавала на беларускім тэлебачанні рэдактарам музычнай рэдакцыі. Але муж атрымаў працу ў Нарвегіі. Часы былі даволі складаныя. Пачала развівацца камерцыя, але мы – людзі некамерцыйныя, таму вырашылі з’ехаць у Нарвегію. Тут было больш спакойна. Я адразу ж знайшла сабе працу. Муж працаваў у оперным аркестры ў Осла”.

ЕРБ: “Нарвежскія СМІ называюць вас і вашага мужа Ігара вядомымі музыкамі…”

Наталля Валянцінаўна: “Тут, у Нарвегіі, мы даволі шмат выступаем. Некалькі разоў ездзілі ў турне. Таму, напэўна, нас называюць вядомымі музыкамі. Муж Ігар - скрыпач, апроч гэтага дырыжуе аркестрам і выкладае ў самай вядомай музычнай школе Нарвегіі. Я піяністка і па сумяшчальніцтве арганістка”.

ЕРБ: “Пашпарты ў вас нарвежскія, ці беларускія таксама захаваліся?”

Наталля Валянцінаўна: “Саша - грамадзянін Нарвегіі. Бо калі мы пачалі ездзіць у турне, было вельмі складана з беларускім пашпартам. Таму мы змянілі пашпарты і зрабіліся грамадзянамі Нарвегіі”.

Пра Аляксандра Рыбака Нарвегія даведалася пасля перамогі ў тэлевізійным конкурсе Kjempesjansen. Гэта аналаг расійскай “Фабрыкі зорак”, толькі менш папсовы. Але такога трыўмфу на адборы да Еўрабачання мала хто чакаў. За Сашу прагаласавала ажно 700 тысяч чалавек. За спявачку, што заняла другое месца, толькі 120 тысяч.

Наталля Валянцінаўна: “Гэта неверагодна, нават арганізатары не чакалі, што будзе такі трыумф. Ніводзін раён Нарвегіі не паставіў сына на другое месца”.

ЕРБ: “У сеціве мы пабачылі фота Сашы, зробленае нібыта на тэатральнай сцэне…”

Наталля Валянцінаўна: “Саша іграў у тэатры, у спектаклі “Скрыпач на даху”. У арыгінале ягоная роля мусіла быць маленькай. Толькі ў пачатку і ў канцы скрыпач павінен быў дзіўным чынам сядзець на даху і іграць. Але калі рэжысёр пабачыў сына па тэлебачанні, то вырашыў: “Гэты хлопец будзе ў мяне іграць”. Для Сашы перапісалі ролю. Ён знаходзіўся на сцэне на працягу ўсяго спектаклю. Саша ўвесь час суправаджаў галоўнага героя. Спектакль меў вялікі поспех”.


ЕРБ: “Вы самі лічыце сына беларусам ці нарвежцам?”

Наталля Валянцінаўна: “Ён ад нараджэння беларус. Карані ў яго беларускія і з гэтым нічога не паробіш (смяецца, - Еўрарадыё). Тэмперамент і музычнасць у яго таксама беларускія. Ён і спяваў сам па-беларуску. Але не магу сказаць, што сын валодае беларускай мовай. Таму што дома мы размаўляем па-руску. Як, мяркую, гэта адбываецца ў многіх іншых сем’ях на Беларусі”.

ЕРБ: “А нарвежцы як называюць вашага сына?”

Наталля Валянцінаўна: “Тут яго называюць нарвежцам. Калі мы прыехалі, ён быў маленькі, адразу ж пайшоў у школу, вывучыў нарвежскую мову. Тут ніхто асабліва не задумваецца над пытаннем, адкуль людзі прыехалі. Чалавек тут жыве, тут працуе, атрымаў тут адукацыю. Таму яго тут прымаюць за свайго”.

Чытайце таксама:

Александр Рыбак: Если выступлю хорошо, считайте половину победы белорусской

Александр Рыбак: "Я боялся, что белорусы на меня обидятся"

Александр Рыбак: В моей песне слышно, что я из Беларуси!

Мама Александра Рыбака: "Мы никак не можем посетить Беларусь"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі