АМАП сарваў панк-канцэрт у мінскім клубе
Па словах сведак, наведвальнікаў павалілі на падлогу, пасля паставілі да сцяны, правялі ператрус і перапісалі дадзеныя. Усё здымалася на відэа.
Супрацоўнікі міліцэйскага АМАПа сарвалі панк-канцэрт у мінскім клубе “Піраты”, на якім збіраліся выступіць тры калектывы з Беларусі і вядомы анархісцкі гурт з Італіі “Kalashnikov”. Мерапрыемства мусіла пачацца ў 18 гадзінаў 10 студзеня. Па словах сведак, неўзабаве пасля пачатку да клуба пад’ехалі міліцыянты.
“Прыехалі спачатку два бобікі, амап (або хто там быў) разляцеўся ў двары і клуб. Крыху пазней пад’ехалі 2 аўтазакі, затым 1 бус з амапам і нібыта яшчэ 1 аўтазак”, — піша ў сацсетках адзін з відавочцаў падзеяў.
Яшчэ адзін сведка ўдакладняе:
“Унутры ўсіх шманалі, перапісвалі дадзеныя і запісвалі на відэа. Недзе 1,5 або 2 гадзіны ўсё адбывалася. Затым усіх адпусцілі, але і забралі нейкую колькасць людзей (дакладна не ведаю колькі). Спачатку ўсіх валілі на падлогу, а затым да сцяны. Побач са мной стаяла дзяўчына, і ў яе ішла кроў з носа”.
Паведамляецца, што былі затрыманыя тры чалавекі, якія гандлявалі панк-атрыбутыкай. Іх адвезлі ў РУУС Ленінскага раёна.
Па непацверджанай інфармацыі, перад пачаткам канцэрта на аднаго ці трох наведвальнікаў напалі неанацысты.
“З нагоды бонаў — напалі не на аднаго чалавека, як мінімум на трох”, — удакладняе відавочца.
Міліцыя пакуль не каментуе здарэнне ў клубе “Піраты”.