АМАП з аўтаматамі затрымаў брэсцкага блогера Пятрухіна (відэа)
У двары свайго дома ў Брэсце затрыманы блогер Сяргей Пятрухін, перадае Радыё "Свабода" са спасылкай на яго сябра Аляксандра Кабанава. Яго адвезлі ў Ленінскі РАУС.
У затрыманні Пятрухіна ўдзельнічалі не менш за шэсць міліцыянтаў, у тым ліку з аўтаматамі.
Пятрухіну не паказалі дакументы, паводле якіх яго затрымліваюць: міліцыянт пагадзіўся толькі зачытаць паперы.
Раней Пятрухін атрымаў позву ў Брэсцкі міжраённы следчы камітэт, дзе на яго пачалі крымінальную справу за абразу.
Па словах Кабанава, у міліцыі ёсць таксама ордэр на агляд кватэры і канфіскацыю тэхнікі.
Кабанаў мяркуе, што ўсё гэта — помста з боку маёра Мікалая Рабушкі. Узімку той вёз Кабанава і Пятрухіна на суд і тры гадзіны пратрымаў іх у халодным аўтазаку — "недзе пад 27 градусаў марозу". Нядаўна Пятрухін расказаў пра гэтае здарэнне ў сацсетках, заначыўшы, што "так нават фашысты не робяць". Блогер патрабаваў у пракуратуры правесці праверку гэтага факту, а Кабанаў агучваў яго на сустрэчы з памочнікам Аляксандра Лукашэнкі па Брэсцкай вобласці.