Амбасада Расіі абяцае абараніць правы сваіх суграмадзян у Беларусі
Заява прэс-сакратара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай пакуль не паступіла ў амбасаду Расіі ў Беларусі. Але дыпламаты запэўнілі журналістаў tut.by, што заява будзе ўважліва разгледжаная.
Як распавядала Еўрарадыё, апазіцыянерка даслала ў амбасаду заяву пра парушэнне сваіх правоў і папрасіла абараніць яе як суайчынніцу. Беларускія ўлады дэпартуюць Красуліну на год за тры парушэнні — два выхады на несанкцыянаваныя вулічныя акцыі і адзін праезд у аўтобусе без квітка. Высылка абгрунтоўваецца "інтарэсамі грамадскай бяспекі".
"Адпаведны зварот ад грамадзянкі Красулінай ў амбасаду Расіі яшчэ не паступаў. Тым не менш консульская служба ў адпаведнасці са сваімі функцыямі і задачамі прыме ўсе неабходныя ў гэтым выпадку меры для забеспячэння і абароны правоў грамадзян Расійскай Федэрацыі", — так прэс-сакратар расійскай дыпмісіі Аляксей Маскалёў пракаментаваў сітуацыю для tut.by.
Красуліна — грамадзянка Расіі, але жыве ў Беларусі з 2002 года і мае від на жыхарства. Тут жывуць двое яе дзяцей, а таксама бацькі-пенсіянеры.