Амбасада Расіі падала ноту ў МЗС Беларусі на высылку Красулінай
МЗС Беларусі атрымаў ад амбасады Расіі ноту з нагоды высылкі прэс-сакратара АГП, расіянкі Ганны Красулінай. Пра гэта піша tut.by са спасылкай на прэс-службу МЗС.
Як распавядала Еўрарадыё, Ганну Красуліну на год дэпартуюць з Беларусі за адміністрацыйныя правапарушэнні: два ўдзелы ў несанкцыянаваных акцыях і адзін праезд у грамадскім транспарце без квітка. Апазіцыянерка аплаціла ўсе штрафы, аднак гэта не вызваліла яе ад дэпартацыі.
У пошуках падтрымкі Красуліна звярнулася ў амбасаду Расіі, бо з'яўляецца грамадзянкай гэтай дзяржавы, а ў Беларусі мае толькі від на жыхарства, хаця жыве тут з 2002 года. Жанчына адзначыла, што не мае ў Расіі ніякай маёмасці і жытла. Акрамя таго, яе бацькі-пенсіянеры, муж і дзеці жывуць у Беларусі.
26 лістапада супрацоўнікі амбасады сустракаліся з Красулінай. Прэс-сакратар амбасады Аляксей Маскалёў распавёў журналістам: "Мы накіравалі зварот у МЗС з просьбай улічыць усе гуманітарныя абставіны справы Красулінай пры разглядзе заявы аб адмене рашэння аб высылцы". Па словах дыпламата, расійскі бок разглядае Красуліну не як палітычнага дзеяча, а як расійскую грамадзянку, якой амбасада абавязаная пры неабходнасці аказваць прававую дапамогу.
Сёння стала вядома, што Красуліна падрыхтавала скаргу на рашэнне аб высылцы і падала яе ў ГУУС Мінгарвыканкама. Калі рашэнне аб высылцы ў міліцыі не адменяць, прэс-сакратар АГП пойдзе ў суд.
Выехаць з краіны апазіцыянерка павінная да 30 лістапада. Але на час разгляду скаргі ў міліцыі высылку павінныя прыпыніць.