"Амерыка расколатая амаль пароўну": што пішуць уплывовыя СМІ пра выбары
Уплывовыя сусветныя СМІ сёння пішуць пра прэзідэнцкія выбары ў ЗША. У ключавых штатах працягваецца падлік галасоў. Лідыруе дэмакрат Джо Байдэн, які ўжо, здаецца, у кроку ад перамогі. Але не згубіў яшчэ шанцаў і рэспубліканец, дзейны прэзідэнт Дональд Трамп, які заяўляе пра фальсіфікацыі.
"Амерыка расколатая амаль пароўну, — піша Financial Times. — Байдэн у выпадку перамогі атрымае мандат на кіраванне з няяснымі паўнамоцтвамі. Прывід Трампа будзе пераследаваць яго".
Выданне мяркуе, што Джо Байдэну будзе няпроста выканаць свае абяцанні амерыканскім выбарцам, і яго ўплыў на міжнародную палітыку будзе большы, чым на ўнутраную.
"Нават калі Байдэн выйграе, у лепшым выпадку ён зможа сфармаваць толькі бяззубую адміністрацыю, не здольную што-небудзь зрабіць", — адзначае брытанскае выданне Guardian. Яно мяркуе, што "дэмакраты не змаглі знайсці ключ да вырашэння рэальных праблем насельніцтва ЗША, дзе імкліва падаюць даходы сярэдняга класа, расце колькасць мільярдэраў".
New York Times: "Для абаронцаў [расійскага прэзідэнта] Уладзіміра Пуціна не пацверджаныя заявы Трампа аб маштабных фальсіфікацыях на выбарах сталі, мабыць, лепшым доказам таго, што дэмакратыя — гэта рэцэпт катастрофы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.