Ананіч: REGNUM тэндэнцыйна асвятляў дзейнасць кіраўніка Беларусі
Міністр інфармацыі Лілія Ананіч пракаментавала затрыманні аўтараў расійскіх сайтаў за антыбеларускія артыкулы. Нагадаем, за апошнія дні былі затрыманыя Юрый Паўлавец, Дзмітрый Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Яны супрацоўнічалі з сайтамі REGNUM, LENTA.RU, Eurasia Daily. Следчы камітэт пачаў на іх справы за распальванне міжнацыянальнай варажнечы.
У каментары БЕЛТА Ананіч нагадала, што яе ведамства праводзіць сістэмны маніторынг інфармацыйнай прасторы. З 2015 года, калі набылі моц змены ў закон аб СМІ, Мінінфарм абмяжоўваў доступ да 88 інфармацыйных рэсурсаў. У 2016 годзе вынесена таксама сем папярэджанняў розным сайтам.
"Аналіз інфармацыйнай прасторы выявіў, што ў апошні час пачасціліся факты з'яўлення ў шэрагу СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў матэрыялаў тэндэнцыйнага, а часам і адкрыта дэструктыўнага характару ў дачыненні да Беларусі, дзяржаўнай улады нашай краіны, беларускага народа", — канстатавала чыноўніца. У публікацыях на сайтах REGNUM, LENTA.RU, Eurasia Daily ставіліся пад сумнеў суверэнітэт Беларусі, былі абразы на адрас беларускага народа, яго гісторыі, мовы, культуры.
"Найбольшую актыўнасць у публікацыі такога роду матэрыялаў праяўляе інфармагенцтва REGNUM, падаючы ў тэндэнцыйным ключы дзейнасць кіраўніка беларускай дзяржавы, ўладных структур у розных галінах — палітыцы, эканоміцы, культуры. Пры гэтым увесь час мусіруюцца тэзісы пра нібыта "сыход Беларусі на Захад", "антырасійскую палітыку беларускай улады" і гэтак далей", — патлумачыла Ананіч.
Найбольшае абурэнне, па яе словах, выклікаў артыкул Дзмітрыя Алімкіна (пад псеўданімам "Ала Бронь") "Беларусь сыходзіць з Рускага свету цішком, з улікам ўкраінскага вопыту. Беларуская мова: не кіем, дык палкай". Менавіта там Беларусь называлася "звар'яцелай недадзяржавай" і гаварылася, што беларускую мову прыдумалі "для паступовага пераводу рускіх у палякаў".
Мінінфармацыі накіравала матэрыялы ў Рэспубліканскую экспертную камісію, якая пацвердзіла наяўнасць праяваў экстрэмізму ў гэтых матэрыялах у частцы распальвання нацыянальнай і сацыяльнай варажнечы. Таму матэрыялы былі перададзеныя ў Следчы камітэт, які і пачаў крымінальныя справы.
Дарэчы, Мініфарм папярэдзіў расійскі бок, кажа Ананіч. 1 лістапада былі дасланыя адпаведныя паведамленні па фактах публікацыяў у Міністэрства сувязі і масавых камунікацый Расіі, Федэральную службу па наглядзе ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый.
Таксама зварот быў накіраваны спецыяльнаму прадстаўніку прэзідэнта Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаілу Швыдкому. Ён ужо адказаў, што абразлівыя для Беларусі выказванні належаць "часцяком маргіналізаваным аўтарам, ні ў якай меры не адлюстроўваюць ні пазіцыю кіраўніцтва Расіі, якая нязменна імкнецца да паглыблення расійска-беларускага ўзаемадзеяння ва ўсіх галінах супрацоўніцтва, ні традыцыйна сяброўскае стаўленне да Беларусі і яе народу з боку расіянаў".
Па словах Ананіч, "замоўцы і аўтары такіх артыкулаў спрабуюць пасеяць варожасць паміж нашымі краінамі і народамі. Безумоўна, гэта не пазіцыя расійскага кіраўніцтва, а тых дэструктыўных сіл і колаў, якія спрабуюць убіць клін у нашы глыбокія сяброўскія адносіны, у працэс будаўніцтва Саюзнай дзяржавы".