Андрэй Дзмітрыеў: “Сумна, што Някляеў сышоў з палітыкі”

8 красавіка Уладзімір Някляеў заявіў пра свой выхад з апазіцыйных структураў, і ў прыватнасці з кампаніі "Гавары праўду". Адзін з кіраўнікоў кампаніі Андрэй Дзмітрыеў у каментары Еўрарадыё адзначыў, што загадзя ведаў пра гэтае рашэнне палітыка.

“Гэта рашэнне Някляева. Мы ведалі аб ім, пра яго размаўлялі. Паважаем гэтае рашэнне. Уладзімір Някляеў падтрымлівае кандыдатуру Таццяны Караткевіч, будзе дапамагаць ёй падчас кампаніі”, — паведаміў Дзмітрыеў.

На яго думку, сыход Някляева з палітыкі выкліканы тым, што дэмакратычныя сілы не здолелі прыйсці да адзінства.

Дзмітрыеў: “Для “Гавары праўду”, безумоўна, гэта сумна, што спадар Уладзімір зрабіў такі выбар. Але ў нас застаецца моцная каманда, у нас ёсць кандыдат. Уладзімір Някляеў будзе дапамагаць нам, не прымаючы ўдзелу ў пасяджэннях кіраўніцтва арганізацыі”.

Дагэтуль Някляеў разглядаўся ў якасці верагоднага кандыдата на пасаду прэзідэнта падчас восеньскіх выбараў. Новага старшыню арганізацыя выбярэ на з'ездзе бліжэйшымі днямі.

У актыўнай палітыцы Уладзімір Някляеў прабыў больш за пяць гадоў — з канца зімы 2010, калі ўступіў у новаствораную “Гавары праўду”. Ён быў кандыдатам у прэзідэнты падчас выбараў 2010 года, у дзень выбараў яго моцна збілі невядомыя яшчэ да завяршэння галасавання. Атрымаў умоўны тэрмін па абвінавачванні ў “арганізацыі масавых беспарадкаў”.

Фота Дзмітрыева — spring96.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі