Анджэю Пачобуту на азнаямленне са справай далі месяц, хоць яе аб'ём "велізарны"

Анджэй Пачобут / facebook.com/andrzej.poczobut.9
Анджэй Пачобут / facebook.com/andrzej.poczobut.9

Палітзняволены журналіст Анджэй Пачобут скончыў знаёміцца з матэрыяламі сваёй крымінальнай справы. Пра гэта ён паведаміў блізкім, піша рэсурс "Гарадзенская праваабарона".

Па словах Пачобута, аб'ём справы велізарны, а на знаёмства з ёю адвялі толькі месяц. Каб паспець усё прачытаць і прагледзець, яму давялося адмовіцца ад абедаў — без перапынку чытаў з раніцы да вечара.

Журналіст таксама пракаментаваў знішчэнне польскіх мемарыялаў, якое ў апошнія месяцы адбываецца ў Беларусі.

"...Чуў пра Сурканты, насамрэч гэта апошні стрэл, больш ужо нічога няма, каб на польскі мазоль наступіць", — піша Пачобут. Ён нагадвае, што польскія салдаты каля гэтай вёскі 50 гадоў ляжалі без крыжа, ім не прывыкаць. "А памяць пра Сурканты, пра салдат ад гэтага толькі ўзмоцніцца як у Беларусі, так і ва ўсім свеце. Не першы раз у гісторыі руйнуюцца польскія могілкі..." — адзначае журналіст.

Анджэя Пачобута разам з іншымі актывістамі польскай меншасці затрымалі 25 сакавіка 2021 года па так званай "польскай справе". Трох актывістак пазней адпусцілі, яны з'ехалі ў Польшчу. Кіраўніца неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут з'язджаць з краіны адмовіліся. Борыс у сакавіку 2022 года перавялі пад хатні арышт.

Анджэя Пачобута абвінавачваюць па двух артыкулах: арт. 361 КК РБ "Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь" і арт. 130 "Распальванне варожасці".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі