Старшыні Саюза палякаў Анжаліцы Борыс прапаноўвалі вызваленне ўзамен на выезд
Старшыні неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анжаліцы Борыс прапаноўвалі вызваленне са следчага ізалятара ўзамен на выезд з Беларусі. Пра гэта напісала ў Фэйсбуку дырэктарка тэлеканала "Белсат" Агнешка Рамашэўска-Гузы. Яна падкрэсліла, што інфармацыю атрымала ўскосным шляхам.
Борыс, як піша кіраўніца "Белсата", адмовілася ад прапановы пакінуць Беларусь.
"Выглядае, што аналагічная прапанова была зробленая і Анджэю Пачобуту, і адказ быў ідэнтычным. Мабыць (але я магу тут напісаць толькі "нібыта"), Ірэна Бярнацкая сказала ні так, ні не, і Марыя Цішкоўская была гатовая пагадзіцца. Бадай, Ганна Панішава знаходзіцца не ў лепшым фізічным і псіхічным стане", — напісала Рамашэўска-Гузы.
Яна адзначае, што атрымаць дакладную інфармацыю цяжка, бо адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні — іначай у іх пагражаюць забраць ліцэнзіі. Сваякам затрыманых не даюць спатканняў, а лісты часта не праходзяць цэнзуру.
"Такога стаўлення да вязняў не было нават у Польшчы падчас ваеннага становішча!!!" — канстатавала Рамашэўска-Гузы.
Актывістаў польскіх арганізацыяў вінавацяць па крымінальнай справе аб "распальванні нацыянальнай варожасці" і "рэабілітацыі нацызму". Ім пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.