Апазіцыя вырашае, як будзе вылучаць Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты

Прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі абмеркавалі вылучэнне кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах палітвязня Міколы Статкевіча.

На сустрэчы 21 студзеня прысутнічалі прадстаўнікі большасці дэмакратычных сіл Беларусі, за выключэннем партыі левых “Справядлівы свет”: лідар партыі Сяргей Калякін на сустрэчу не прыйшоў і нікога са сваіх прадстаўнікоў не накіраваў. Пра гэта Еўрарадыё даведалася ад старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча.

Янукевіч: “Прысутнічалі ўсе, за выключэннем Сяргея Калякіна і яго прадстаўніка. І былі прадстаўнікі партыі Статкевіча і жонка спадара Міколы Марына Адамовіч. Усе прысутныя пагадзіліся, што зацікаўленыя ў фармаванні ініцыятыўнай групы Міколы Статкевіча. Усе пагадзіліся, што для таго, каб такую ініцыятыўную групу ствараць, трэба, каб быў нейкі адзіны план і адзіны цэнтр. І што рашэнне пра тое, хто будзе кіраўніком гэтай ініцыятыўнай групы і хто будзе гэтую працу каардынаваць, таксама трэба прымаць супольна. Таксама высветлілі, што ёсць тры розныя падыходы да фармавання ініцыятыўных груп”.

Але па вялікім рахунку, прызнае Янукевіч, пазіцыі перамоўшчыкаў разыходзяцца ў тым, якім чынам усім астатнім палітычным сілам браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах: “Два, па вялікім рахунку, асноўныя варыянты. Статкевіч адзіны, і ўсё. У выпадку нерэгістрацыі, што найбольш верагодна, — байкот. Альбо варыянт, калі ёсць ініцыятыўная група Статкевіча і ёсць ініцыятыўныя групы іншых кандыдатаў”.

На першай сёлетняй сустрэчы ні да якіх канчатковых рашэнняў не прыйшлі і вырашылі сустрэцца на наступным тыдні яшчэ раз. За гэты час палітыкі аправядуць адпаведныя кансультацыі ў сваіх структурах.

Фота Міколы Статкевіча — AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі