Аператыўна-аналітычны цэнтр будзе кантраляваць міжнародны трафік
Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце атрымаў права праслухоўваць ўвесь трафік, які праходзіць праз нашу краіну.
23 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №46 "Аб выкарыстанні дзяржаўнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі тэлекамунікацыйных тэхналогій". На падставе яго ствараецца так званая рэспубліканская воблачная платформа для размяшчэння праграмна-тэхнічных сродкаў, інфармацыйных рэсурсаў і інфармацыйных сістэм дзяржструктур.
Новы ўказ уносіць змены і дапаўненні ва ўказ №515 ад 30 верасня 2010 года "Аб некаторых мерах па развіцці сеткі перадачы даных у Рэспубліцы Беларусь". Ён пашырае паўнамоцтвы Нацыянальнага цэнтра абмену трафікам. Цяпер гэтая структура мае права не толькі праслухоўваць электронныя паведамленні і трафік беларусаў, але і ажыццяўляць тэхнічны кантроль "за пропускам міжнароднага трафіку і далучэннем да сетак электрасувязі замежных дзяржаў", адзначае сайт charter97.org.
Як адзначаецца ў дакуменце, "пад пропускам міжнароднага трафіку разумеецца дзейнасць, накіраваная на перадачу паведамленняў электрасувязі (уключаючы тэлефонныя выклікі, тэлеграфныя паведамленні, службовыя і інфармацыйныя паведамленні, сеткавыя пакеты сетак перадачы дадзеных без абмежаванняў па выкарыстоўваных карыстальніцкіх, транспартных і сеткавых пратаколах) паміж сеткамі электрасувязі Рэспублікі Беларусь і сеткамі электрасувязі замежных дзяржаў, а таксама паміж сеткамі электрасувязі замежных дзяржаў, калі перадача паведамленняў электрасувязі з адной замежнай дзяржавы ў другую ажыццяўляецца праз сеткі электрасувязі, размешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь".
Іншымі словамі, Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце атрымаў права слухаць ўвесь трафік, які праходзіць праз нашу краіну.
Фота з сацыяльных сетак