Апублікаваная папярэдняя справаздача аб крушэнні самалёта Баку — Грозны

Авіякатастрофа ў Казахстане / kavkaz-uzel.eu
Апублікаваная папярэдняя справаздача аб крушэнні самалёта "Азербайджанскіх авіяліній", які ляцеў з Баку ў Грозны. З яе вынікае, што ён атрымаў скразныя пашкоджанні яшчэ да сутыкнення з зямлёй і яны маглі быць выкліканы "староннімі аб'ектамі", піша kavkaz-uzel.eu.
Згаданы 56-старонкавы дакумент 4 лютага апублікавала Міністэрства транспарту Казахстана.
Самалёт "Азербайджанскіх авіяліній" разбіўся ў Казахстане 25 снежня 2024-га. З 67 чалавек 38 загінулі, у тым ліку трое членаў экіпажу. Паводле адной з неафіцыйных версій, прычынай крушэння стала расійская ракета класа "зямля-паветра". Афіцыйным расследаваннем інцыдэнта займаліся казахстанскія спецыялісты.
З папярэдняй справаздачы вынікае, што пасля першага ўдара ў небе над Грозным у самалёце знізіўся ціск. Праз некалькі секунд адбыўся другі ўдар. Бортправаднік па ўнутранай сувязі паведаміў, што "выбухнула два сядзенні". Пілоты падумалі, што адбылося сутыкненне са зграяй птушак. Пасля ваганняў яны самі прынялі рашэнне ляцець у аэрапорт у Актаў з прычыны спрыяльнага надвор'я.
Таксама ў справаздачы прыведзены здымкі знешніх аб'ектаў — прадметаў рознай формы і даўжыні. "Для вызначэння характару і паходжання скразных пашкоджанняў, выкліканых староннімі аб'ектамі, будуць праведзены адпаведныя даследаванні і экспертызы", — гаворыцца ў дакуменце.
Падкрэсліваецца, што справаздача носіць папярэдні характар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.