Аранжавы ўзровень небяспекі абвешчаны ў Беларусі на нядзелю
Вецер, ілюстрацыйнае фота
У суботу, 25 красавіка, у Беларусі прагназуецца воблачнае з праясненнямі надвор'е, паведамляе Белгідрамет.
Месцамі па краіне пройдуць невялікія ападкі — дождж, уначы і зранку магчымы мокры снег. Вецер будзе заходні, паўднёва-заходні ўмераны, удзень — парывісты.
Тэрмометры ўначы пакажуць 1-7 градусаў са знакам "плюс", але ў многіх раёнах Віцебскай вобласці чакаюцца замаразкі ад 0 да -3 градусаў. Удзень паветра прагрэецца ад +11 градусаў па паўночным усходзе да +18 градусаў па паўднёвым захадзе Беларусі.
У нядзелю, 26 красавіка, будзе воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі — дождж, мокры снег. Вецер прагназуецца заходні, паўночна-заходні парывісты, у многіх раёнах — моцны парывісты. Паводле прагнозаў, удзень парывы ветру могуць дасягаць 24 метраў за секунду. У сувязі з гэтым сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі.
Тэрмометры ўначы пакажуць 1-8 градусаў цяпла, па паўночным захадзе пры праясненнях чакаюцца замаразкі ад 0 да -2 градусаў. Удзень будзе ад +2 градусаў па поўначы да +10 градусаў па поўдні краіны.