Арганізатары "Белого зеркала": Звозім Лі Пэры ў Шабаны. Ён жа пыхае гэтым!

28-30 жніўня ў мінскай студыі "67" пройдзе другі фестываль музыкі і кіно “Белое зеркало”. Арганізатары, прадзюсер Аляксандр Багданаў і прэс-аташэ фэсту Дзяніс Клявіцкі, спадзяюцца, што эксклюзіўная праграма мерапрыемства прымусіць інтэлектуальную частку жыхароў сталіцы пазнаёміцца з цікавымі фільмамі, самім стваральнікам стылю "даб", які папярэднічаў узнікненню рэгі, 80-гадовым ямайскім музыка Лі Пэры і шматвектарным расійскім гуртом “НОМ”.

Еўрарадыё: “Белое зеркало” ― гэта фэст больш кінематаграфічны ці музычны?

Аляксандр Багданаў: Музычная частка фэсту фармуецца вакол фільма. Канцэпцыя фестывалю такая, што ты глядзіш у белае люстэрка кінаэкрана. А потым героі таго, ад чаго ты атрымаў захапленне, праглядзеўшы кіно, сыходзяць з экрана. Ты трапляеш у гэтую атмасферу, ад якой толькі што “прыфігеў” у кіно. У стварэнні праграмы я адштурхоўваюся ад фільмаў. Я праглядаю вельмі шмат фільмаў, якія тычацца музычнай тэматыкі. І вось што мяне вельмі ўражвае і што, на мой погляд, зможа ўразіць людзей, тое і трапляе ў праграму фэсту. Калі б з'явілася такое беларускае кіно, то адзін з дзён “Белого зеркала” быў бы і з беларускім кантэнтам.

Еўрарадыё: Чаму сёлета вы зрабілі акцэнт на пласцінках, Лі Пэры і “НОМ”?

Дзяніс Клявіцкі: Нам хацелася, каб была максімальна шырокая і разнастайная праграма, і каб кожны дзень быў крыху замкнутай у сабе канцэптуальнай адзінкай. Таму ўсе фестывальныя дні будуць рознымі, разлічанымі, напэўна, на розную аўдыторыю.

Аляксандр Багданаў: Першы дзень будзе "вінілавым". Але ў яго праграме адбыліся змены, бо хлопцы, якія здымалі заяўлены фільм “Перавярні кружэлку”, дыджэй-суполка Dig, не паспяваюць яго змантаваць. Мы хутка знайшлі замену: пакажам фільм “Наш вініл важыць тону”, прэзентаваны летась вядомым амерыканскім хіп-хоп-лэйблам Stones Throy. А хлопцы з дыджэй-суполкі Dig усё адно прыедуць, прывязуць цэлую машыну пласцінак, каб удзельнічаць у вінілавым маркеце, які пройдзе на тэрыторыі "Студыі 67". Таксама на адкрыццё фестывалю мы падрыхтавалі паказ старога французскага фільма “Палёт на Луну” Жоржа Мільеса, які будзе агучваць беларускі гурт “Мроі Пафнуція”. Мы вырашылі стартануць з яскравага і беларускага.

Еўрарадыё: Другі дзень…

Аляксандр Багданаў: Другі дзень ― гэта прэм’ера фільма “Бачанне раю” пра жыццё і гастролі музычнага гуру Лі “Скрэч” Пэры ― чалавека, які, фактычна, заснаваў усю электронную музыку і ўзвёў саўнд-прадзюсінг на п’едэстал. Нямецкі рэжысёр Фолькер Шанэр ездзіў за Пэры па ўсім свеце 14 гадоў і здымаў гэты фільм. Шанэр сам прывозіць фільм у Мінск, а пасля прагляду чакаецца дыскусія з ім. Насамрэч, мы нават не думалі, што Лі Пэры пагадзіцца прыехаць, але вырашылі рызыкнуць ― і нам адгукнуліся… Музыку спадабаўся такі фармат фестывалю, дзе адначасова можна прэзентаваць і фільм, які толькі выйшаў, і каб ён сам, скажам, “сышоў з экрана”. Пэры апынуўся такім дэмакратычным і кантактным дзядулькам, які рэдка ездзіць, але калі ёсць нейкія цікавыя “замуты”, то адгукаецца.

Еўрарадыё: Што збіраецеся яму паказаць у Мінску?

Аляксандр Багданаў: Пакуль не думалі. Але, мяркую, яго трэба звазіць у “гета” ― у Шабаны. Ён жа дзядулька-гета, ён жа пыхае гэтымі гета-вібрацыямі…

Еўрарадыё: Трэці дзень…

Аляксандр Багданаў: Трэці дзень прысвечаны творчасці музычна-кінематаграфічна-мастацкага аб’яднання “НОМ” ― культавага піцерскага гурта, які з 1980-х гадоў грае, малюе, здымае фільмы, хронікі, выдае кнігі. Гэта будзе дзень са сваёй асаблівай аўдыторыяй дарослых людзей, не абдзеленых іроніяй і самаіроніяй. Мы пакажам апошні фільм гурта “НОМ” ― “Звёздный ворс”, у якім знялася вялікая колькасць зорак: у галоўных ролях з’явяцца Міхалок, Шнураў, Трахтэнберг, Нямцоў у эпізадычнай ролі ― такая насычаная музычна-прыгодніцкая сага ў стылі “Зорных войнаў”. Гурт “НОМ” прыязджае ўласна усё гэта прэзентаваць. Завітае з выставай плаката вядомы піцерскі мастак Мікалай Капейкін, які таксама ўваходзіць у номаўскую кааліцыю. Да таго ж, яны прывозяць цалкам адрэстаўраваныя свае фільмы, якія будуць паказаныя ў асобным пакоі.

Дзяніс Клявіцкі: І, самае галоўнае, што “НОМ” будзе прэзентаваць сваю новую праграму “Семеро смертных”. Але канцэрт не будзе звычайным. Гэта такое буфанаднае відовішча: спектакль з відэапраекцыямі, дзе гурт паўстане ў спецыфічных строях… Нават, калі чалавек не слухае “НОМ” дома, гэтую містэрыю варта ўбачыць.

Еўрарадыё: У цяперашніх умовах фестываль рабіць нерэнтабельна?

Аляксандр Багданаў: Так. Мы молімся на “нуль”(смяецца)… Натуральна, што цяпер ёсць адчувальны для музыкаў і людзей культуры крызіс. Па-першае, партнёры і спонсары не ідуць на кантакт увогуле і гэтая сфера згубілася. Музыкаў не запрашаюць на карпаратывы, бо ў кампаній няма грошай, а гэта таксама нармальны заробак для музыкаў і мяне, як канцэртнага агента. Адпадае замежны рынак ― гэта ў асноўным Расія і Украіна. У Расіі і Украіне таксама жорстка. Атрымліваецца, што ў разы зменшыліся ганарары, і ў разы зменшылася плацежаздольнасць людзей. І спад наведвальнасці мерапрыемстваў відавочны: чалавеку трэба патраціць 300 тысяч на квіток, плюс яшчэ даехаць, паесці-папіць ― гэта ўжо мільён, а калі з дзяўчынай, то два. А зарабляеш ― пяць.

Еўрарадыё: Ці ставіце за мэту праводзіць “Белое зеркало” штогод?

Аляксандр Багданаў: Ставім.

Еўрарадыё: Тады чаму ў мінулым годзе была паўза?

Аляксандр Багданаў: Грошай не было і быў эмацыйны спад. Цяпер таксама няма грошай, але ёсць эмацыйны ўздым. Можна нешта і замуціць, хоць мы і згубім тысяч 15 (смяецца). Каб вы разумелі, што бюджэт фестывалю гэта…

Дзяніс Клявіцкі: Адзін дзень ― адзін Міні "Купер".

Аляксандр Багданаў: Увесь бюджэт фестывалю ― гэта які-небудзь пазадарожнік "Лэндровер". Але ўсё робіцца на высокім узроўні, каб у наступным годзе ў нас з’явіліся партнёры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі