Аргкамітэту БХД далі вусны дазвол на месца для з'езду
Ён мусіць прайсці ў Палацы культуры трактарнага заводу, як і ўсе папярэднія з'езды арганізацыі.
Мінгарвыканкам вылучыў аргкамітэту партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" памяшканне для правядзення ўстаноўчага з'езду. Пра гэта адказнаму сакратару аргкамітэту Дзянісу Садоўскаму вусна паведаміў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама.
З'езд павінен адбыцца 13 чэрвеня ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода, дзе адбываліся і ўсе папярэднія з’езды. Дамову плануецца падпісаць у другой палове дня 9 чэрвеня.
Як адзначае прэс-служба БХД, у траўні аргкамітэт звяртаўся ў Палац культуры МТЗ з адпаведнай заяўкай. Але тады адміністрацыя будынка заявіла, што 13 чэрвеня тут будуць праходзіць "падрыхтоўчыя працы да магчымага рамонту”.
Дакладны час пачатку мерапрыемства і яго праграма будзе паведамленая пасля заключэння дамовы з Палацам культуры МТЗ.