Аршанскаму актывісту прыгразілі крымінальнай справай за зварот па польскую візу
Сяргей Мярненка звяртаўся ў візавы цэнтр па гуманітарную польскую візу / @viasna96
Аршанскаму актывісту Сяргею Мярненку прыгразілі крымінальнай справай за спробу атрымаць гуманітарную польскую візу. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.
Мярненка звяртаўся ў візавы цэнтр Польшчы ў Магілёве. Пакуль чакаў адказу, яго выклікалі ў Аршанскі ГАУС. У аддзяленні міліцыі яму паказалі яго ж ліст з просьбай аб візе, дзе ён аргументаваў, чаму хоча з'ехаць. Праваабаронцы мяркуюць, што атрымаць копію ліста сілавікі змаглі пры дапамозе камеры відэаназірання, усталяванай у візавым цэнтры.
У міліцыі актывісту прыгразілі крымінальнай справай па артыкуле за "здраду дзяржаве" (арт. 356 КК РБ). Так сілавікі патрактавалі яго зварот па візу.
Мярненка вырашыў тэрмінова з'ехаць і ўжо пакінуў Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.