Асуджаны ў Расіі за падтрымку Украіны — гэта беларус Кірыл Сілівончык. Фота

У Расіі на два гады калоніі-пасялення асуджаны беларус за публікацыі на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы статусаў у падтрымку Украіны. Як стала вядома Еўрарадыё, гэта — 22-гадовы Кірыл Сілівончык. Яго затрымалі разам са знаёмымі яшчэ 18 снежня мінулага года, але суд адбыўся толькі 9 красавіка сёлета.

Хлопец працаваў сістэмным адміністратарам на заводзе ў расійскім горадзе Ніжні Ноўгарад. На яго старонцы ў сацыяльнай сетцы няма ніякіх палітычных пастоў, але ёсць рэпосты з розных суполак, напрыклад, “Мая краіна Беларусь”.

Сілівончыка асудзілі па артыкуле "публічныя заклікі да тэрарыстычнай дзейнасці альбо публічнае апраўданне тэрарызму". Судзіў яго Маскоўскі акруговы вайсковы суд. З запісаў на яго старонцы цяжка зразумець, за што хлопца маглі прыцягнуць да адказнасці па гэтым артыкуле.

Раней паведамлялася, што беларус, нібыта, заклікаў вярнуць Крым Украіне і публікаваў здымак, дзе нехта рве расійскі сцяг.

Вядома таксама, што сваякі хлопца з Гомельскай вобласці не прысутнічалі на судзе, а перадачы яму носяць нейкія сябры з Расіі. Цяпер Кірыл Сілівончык знаходзіцца ў СІЗА г. Ніжні Ноўгарад, чакае амністыі ці этапу.

Змест старонак Сілівончыка ў сацыяльных сетках сведчыць пра тое, што ён — беларускі патрыёт, любіць беларускую нацыянальную сімволіку, мову і перажывае за яе стан.

Фота з сацыяльных сетак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі