Атморави "Проза"

Цэтлік “эзатэрычны бард” да Aтморави прыляпіўся гадоў 10 таму. Тады музыка любіў паразважаць пра тантрычны сэкс, а на шматлікіх багемных кватэрніках з сумнымі вачыма спрабаваў зрабіць сваіх слухачоў бліжэй да схаванай містычнай сутнасці гэтага свету. Сэкс і філасофія быцця дагэтуль застаюцца дзвюма галоўнымі тэмамі песень Атморави.

На музычным фронце Атморави па-ранейшаму адзін. Але называць яго бардам язык не паварочваецца: ні швэдара, ні вогнішча, ні лыжаў ля печкі. “Проза” — поп-рок з нехарактэрнымі для гэтага лёгкага жанру філасофскімі тэкстамі.

Праца над альбомам доўжылася 4 гады. Aтморави паспеў аздобіць свае эзатэрычныя песні простымі, але ўдалымі шматгалоснымі аранжыроўкамі. Але ад старой, як свет, ісціны нікуды не падзецца: лепш за ўсё любоўная балада гучыць пад просты гітарны перабор.

Адрознасць Aтморави ў тым, што ён не проста спявае пра каханне, а спрабуе разабрацца ў ім. Балады ў яго атрымліваюцца антылюбоўныя. Высвятляецца, што пачуцці — гэта не назаўжды, а за імгненні шчасця даводзіцца расплачвацца гадамі існавання ў беспаветранай прасторы. “Проза” кахання — гэта не кветкі і падарункі, а штодзённая барацьба за тое, каб застацца сабой.

Ад пачатку альбома Aтморави задае і другую сваю любімую тэму. Гэта стома ад існавання ў сістэме, безвыніковыя пошукі сябе і разгубленасць ад бессэнсоўнасці жыцця. Музыка вобразна пераказвае словы свайго духоўнага настаўніка Оша: "Мы жывем у глыбокай няпамятлівасці і клічам гэта жыццём".

Так "Проза" пераклікаецца з папярэдняй працай Aтморави — альбомам "Путь белых облаков". Ён названы так жа, як і кніга Оша, і складаецца з неверагодна светлых і бязважкіх песень-мантраў. Альбомы літаральна супрацьлеглыя. Паміж белых аблокаў Aтморави спявае пра шчасце, а на "Прозе" — пра тое, што немагчыма быць шчаслівым, калі крылы ўпячатаныя ў лёд.

Тут самы час сказаць пра музычны складнік “Прозы”. Альбом вельмі рознастылёвы. У “Друг друга”, напрыклад, чуваць гітару RHCP і мелодыку беларусаў “Stokes”... Хаця кожны пачуе сваё. А параўноўваць Atmoravi з БГ — гэта і ўвогуле маветон. Тут табе і агульныя інтанацыі ў голасе, і ўплыў усходняй культуры.

“Проза” цікавая сэнсамі, якія ўклаў у альбом Aтморави. У музычным плане альбом другасны, але музыка тут — толькі фон для думак. Ёсць у гэтай пласцінцы і “Соль”. Цэлая песня. Вось ёю “Перадачу-аглядачу” і завяршым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі