Аўтар помніка Льву Сапегу ў Слоніме: Мне 81 год, ці дачакаюся я таго Сапегу
Еўрарадыё шукала грошы на помнік Льву Сапегу ў Слоніме разам з народным мастаком Беларусі Іванам Міско.
“Пакуль я жывы — 81 год, але ці дачакаюся я таго Сапегу. Яны мне неяк патэлефанавалі і пытаюць: “А вы можаце нам яго аддаць”. Нібыта яго можна бясплатна зрабіць!”, — абураецца Іван Міско.
Грошы на помнік пачалі збіраць яшчэ ў 2008 годзе, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”. Нават адкрылі рахунак.
“Праект помніка даўно зацверджаны Рэспубліканскай манументальнай радай. Але дагэтуль няма фінансавання. Я за праект не атрымаў ні капейкі. Ездзіў у Слонім паўтара года таму, старшыня райвыканкама адказваў: “Няма грошай.”. Месца ўжо вызначылі”, — расказвае Еўрарадыё Іван Міско.
У Слонімскім райвыканкаме нічога пра грошы адказаць не могуць:
“Усе пытанні, якія ўздымаліся, трымаюцца на кантролі і вырашаюцца. Ёсць пытанні, звязаныя з дакументальным афармленнем, з выбарам месца”.
Добра яшчэ, што пра помнік тут памятаюць.
Нічога не могуць сказаць пра грошы на помнік і ў слонімскім філіяле “Беларусбанка”, які, нібыта, заводзіў рахунак, на які збіралі сродкі на помнік.
У бухгалтэрыі слонімскага райвыканкама гавораць, што грошы… ёсць, нікуды не падзеліся, але мала. На помнік не хопіць. І не называюць канкрэтную суму.
Іван Міско прапануе зрабіць хаця б бюст канцлера ВКЛ Сапегі, бо гэта абыдзецца танней. Па праекце помнік мусіў быць сядзячы, з сабакам...
Фота: usebelarusy.by відэа: youtube.com