Аўташкола: навучанне падаражэе на 150-200 долараў

Мінтранс прапанаваў адмяніць фіксаваныя тарыфы за навучанне ў аўташколах. Папярэдне дакумент падтрыманы ў міністэрствах, Саўміне і Адміністрацыі прэзідэнта. Дырэктар аўташколы “Жакей” Уладзімір Барбук кажа, што кошты падымуцца адразу на трыста-чатырыста тысяч. Уладзімір Барбук кажа, што за тыя грошы, якія бяруць аўташколы цяпер, можна працаваць у райцэнтры, але не ў сталіцы.

“За тыя грошы, што цяпер, я б цудоўна працаваў у раёне. Там кіроўца атрымлівае 400 тысяч, я б плаціў яму 500-600, і мне б засталося яшчэ на абнаўленне тэхнікі і абсталяванне класаў. Тут, у Мінску, за такія грошы людзі не хочуць працаваць, бо на іх тут не пражыць”.

Начальнік аддзела Мінтрансу па бяспецы на транспарце і ліцэнзаванню Павел Бажанаў заявіў, што траціна аўташкол цяпер маюць “нулявую” рэнтабельнасць. Астатнія блізкія да таго. Уладзімір Барбук сцвярджае, што гэта не зусім так, але сутнасці не мяняе – плату трэба падымаць. Ён падлічыў са сваім бухгалтарам, колькі мусіць каштаваць навучанне ў іх аўташколе, каб яна “трымала марку”.

“Я гаварыў з бухгалтарам, задаваў гэтае пытанне. Я ставіў дзве мэты: новая тэхніка, каб не было ў мяне машын старэйшых за 10 гадоў, і ўсталяванне відэаназірання ў машынах. Заробак бы мусіў быць не менш за паўтара мільёны – у нашых умовах, толькі тады б я сюды прыцягнуў бы талковых спецыялістаў. Тады мы з бухгалтарам падлічылі: аплату за навучанне трэба было падняць на 250 тысяч. Сёння кошты павысіліся, трэба тысяч на трыста падымаць. Сёння кошт – 600 тысяч. Я б браў не менш за 900 тысяч. Гэта пры тым, што я ніколі не быў лідэрам па кошце. Іншыя школы падымуць да мільёна. Я пакіну 900, каб сюды ішоў кліент”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі