Бабруйчанка звалілася з трэцяга паверха, калі даставала котку
Цяжкія траўмы атрымала 26-гадовая бабруйчанка, якая хацела зняць котку з карніза трэцяга паверха, паведамляе tut.by.
Бабруйчанка жыве ў кватэры на вуліцы Мінскай, распавяла афіцыйная прадстаўніца УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк. 6 верасня каля 17-й гадзіны яна вырашыла дастаць сваю котку, якая выйшла на вулічны карніз.
Хутчэй за ўсё, гаспадыня жывёлы не ўтрымалася і звалілася з трэцяга паверха на асфальт. Мінакі выклікалі хуткую дапамогу. Жанчыну шпіталізавалі з цяжкімі спалучанымі траўмамі.
Следства высвятляе ўсе акалічнасці справы.