Бацькам беларускіх эмігрантаў не выдаюць копіі іх пасведчанняў аб нараджэнні

Беларусам за мяжой становіцца ўсё цяжэй атрымліваць дакументы РБ / mosty-zara.by
У Беларусі бацькам эмігрантаў перасталі выдаваць дублікаты іх пасведчанняў аб нараджэнні. Яшчэ нядаўна такія дакументы можна было атрымаць без праблем. Як піша MOST, на такія праблемы сталі скардзіцца беларусы ў Польшчы.
Гэта тлумачыцца зменамі ў заканадаўстве. 1 студзеня 2025 года набыла моц новая рэдакцыя Кодэкса аб шлюбе і сям'і, прынятая ў ліпені 2024-га. У кодэксе зменены артыкул 202, які рэгулюе выдачу паўторных пасведчанняў аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. У новай рэдакцыі гаворыцца, што паўторныя пасведчанні выдаюцца асобам, на якіх складзены запіс акта грамадзянскага стану, па іх заявах.
Толькі калі дзіця не дасягнула паўналецця, паўторныя пасведчанні аб нараджэнні могць быць выдадзеныя бацькам, апекунам і папячыцелям (у тым ліку установам), а таксама органам апекі і папячыцельства і органам унутраных спраў.
Раней такіх узроставых абмежаванняў не было. Бацькі маглі атрымаць дакумент, а потым пераправіць яго дарослым дзецям за мяжу. Цяпер жа бацькі могуць атрымліваць копіі пасведчання аб нараджэнні толькі для непаўналетніх дзяцей.
Яшчэ раней копіі пасведчанняў аб нараджэнні перасталі выдаваць консульствы Беларусі за мяжой. Цяпер такія дакументы можна замовіць толькі ў Беларусі і толькі асабіста ці на падставе даверанасці, аформленай у Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.